Пабіццё ўдзельнікаў акцый супраць вайны ва Украіне: апавядае відавочнік

Больш за 800 чалавек былі затрыманыя ў Беларусі 27 лютага 2022 года за ўдзел у антываенных акцыях. Большасці з іх прысудзілі 15 содняў арышту.

Жыхар Менска патрапіў у ізалятар яшчэ да рэферэндуму. Ён распавёў «Радыё Свабода» аб тым, што бачыў гэтымі днямі ў ізалятары.

Антона (імя змененае з меркаванняў бяспекі) затрымалі яшчэ 17 лютага за рэпост «экстрэмізму» ў сацсетках. У адной цэлі з ім сядзелі праграмісты, якіх таксама прэвентыўна затрымалі перад рэферэндумам нібыта за «дробнае хуліганства». Затрымлівалі па аднолькавай схеме: запрашалі на «гутарку» з участковым, там афармлялі пратакол за «дробнае хуліганства» і накіроўвалі ў ізалятар. У цэлі, разлічанай на чатырох чалавек, сядзела 10–16 вязняў, матрацы і пасцельную бялізну не выдавалі, уначы будзілі на пераклічку.

27 лютага, калі па ўсёй Беларусі праходзілі масавыя пратэсты супраць вайны ва Украіне, у ізалятар прывезлі шмат людзей. У гэты дзень звычайны канвой недзе знік і запраўляць усім пачаў АМАП. З калідора было чуваць страшны лямант і гукі лупцаванняў. Людзей білі за тое, што яны «няправільна» стаялі ў стойцы. У цэлі на чатырох чалавек запіхвалі па дваццаць. У цэлю да Антона трапіў адзін моцна збіты мужчына. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа паздзекаваліся з яго за тое, што ён адмовіўся здымацца ў «пакаянным» відэа.

Back to top button