«Ноч расстраляных паэтаў» прайшла ў дзясятках гарадоў свету

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску былі расстраляныя больш за сто беларускіх дзяржаўных дзеячаў, дзеячаў культуры і навукоўцаў. Сярод іх 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі. Гэтая трагічная дата вядомая як «Ноч расстраляных паэтаў». Расстрэл 29 кастрычніка 1937 года стаў самым трагічным момантам хвалі маштабных рэпрэсій супраць нацыянальнай інтэлігенцыі Беларусі. Гэтая хваля доўжылася з 1929 па 1938 год і мела на мэце знішчэнне нацыянальна арыентаваных творцаў, выкладчыкаў, службоўцаў, навукоўчаў. Тэрор закрануў больш за 500 выдатных дзеячаў беларускай культуры. Некалькі сотняў чалавек былі высланыя за межы Беларусі, некалькі сотняў – расстраляныя, дзясяткі адпраўленыя ў лагеры.

У гэтую гадавіну ў 38 гарадах па ўсім свеце беларускія супольнацсі правялі акцыі памяці, прачыталі вершы, праспявалі песні і ўшанавалі рэпрэсаваных. Акцыі падрыхтаваныя пры ўдзеле беларускай дыяспары, Офісу Святланы Ціханоўскай і Рады беларускай культуры.

У самой Беларусі акцыя прайшла ў анлайн-фармаце – не праз небяспеку каранавірусу, а праз пераслед, у тым ліку прадстаўнікоў культуры і творчай інтэлігенцыі, які разгарнулі ўлады Беларусі.

29 кастрычніка 2021 года дыпламаты Еўрасаюза, Вялікабрытаніі, ЗША і Швейцарыі наведалі лясны масіў Курапаты пад Мінскам, які з’яўляецца месцам пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Паводле розных ацэнак, у агульных пахаваннях у Курапатах могуць знаходзіцца парэшткі ад некалькіх дзясяткаў да сотняў тысяч ахвяр. Тут спачываюць грамадзяне розных нацыянальнасцей – акрамя беларусаў, таксама рускія, палякі, яўрэі, літоўцы.

«Пашана тым беларусам, якія мужна і настойліва працуюць дзесяцігоддзямі дзеля таго, каб дарог смерці больш не было ніколі», – адзначыла прэс-служба Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.

Back to top button