2021-09-24

Вярхоўны суд ліквідаваў міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”». Міністэрства юстыцыі абвінаваціла грамадскую арганізацыю ў тым, што кіруючыя і кантрольна-рэвізійныя органы «Бацькаўшчыны» нібыта з’яўляюцца нелегітымнымі. Падстава – перанос VIII з’езда беларусаў свету на наступны год з-за абмежаванняў, накладзеных пандэміяй каронавіруса. У Аб’яднанні падкрэслівалі, што рашэнне аб пераносе з’езда прымалася пасля кансультацый з Мінюстам і менавіта прадстаўнікі міністэрства пацвердзілі, што кіраўніцтва грамадскай арганізацыі мае ўсе паўнамоцтвы прыняць такое рашэнне.

Таксама Мінюст вынес два папярэджаньні аб’яднанню цягам пазапланавай праверкі ў ліпені. Яму загадалі ліквідаваць парушэнні за тыдзень, але зрабіць гэтага ў «Бацькаўшчыне» не маглі, бо ў офісе аб’яднання быў праведзены ператрус, пасля чаго памяшканне было апячатана Следчым камітэтам. Праз месяц аб’яднанню даслалі адказ з СК, дзе гаварылася, што ў дачыненні да службовых асоб аб’яднання ўзбуджаная крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы, гэта той самы артыкул, што і ў фігурантаў справы Каардынацыйнай рады).

«Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”» было ўтворанае ў 1990 годзе на хвалі нацыянальнага адраджэння і на працягу 30 гадоў аб’ядноўвала арганізацыі беларускай дыяспары з 28 краін краін свету і беларусаў унутры краіны.

«Бацькаўшчына» арганізоўвала мерапрыемствы і акцыі, накіраваныя на ўмацаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, выступала ў абарону правоў і інтарэсаў беларусаў замежжа.

Менавіта дзякуючы аб’яднанню «Бацькаўшчына» ў 2014 годзе быў прыняты закон «Аб беларусах замежжа», а з’езды беларусаў свету, якія праводзіліся раз у чатыры гады, сталі сапраўднай агульнанацыянальнай платформай для абмеркавання актуальных для Беларусі і дыяспары пытанняў і праблем.

Першы з’езд арганізацыі ў Мінску адкрываў вядомы беларускі пісьменнік Васіль Быкаў.