Калеснікаву спрабавалі схіліць да інтэрв’ю на дзяржканале

Марыі Калеснікавай, якая знаходзіцца ў СІЗА ў Мінску, прапанавалі выступіць на нацыянальным дзяржтэлеканале з інтэрв’ю накшталт таго, што даў былы галоўны рэдактар телеграм-канала NEXTA Раман Пратасевіч. Пра гэта Калеснікава распавяла ў інтэрв’ю тэлеканалу «Дождж».

Калеснікава дадала, што пагодзіцца на здымкі пры ўмове, што яна распавядзе «шакавальную праўду пра выкраданне, следства і бязладдзе ў турме». Пасля гэтага дзяржтэлеканалы перасталі спрабаваць узяць у яе інтэрв’ю. Таксама апазіцыянерка адмовілася напісаць прашэнне аб памілаванні.

«Яны ж заўсёды хлусяць. Не вер, не бойся, не прасі і смейся – гэта мой прынцып зносін з імі», – патлумачыла Калеснікава.

Марыя Калеснікава – сябра прэзідыума Каардынацыйнага савета беларускай апазіцыі і былая каардынатарка штаба экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Віктара Бабарыкі. Калеснікава знаходзіцца ў СІЗА з восені 2020 года. Апазіцыянерку затрымалі пасля таго, як у верасні мінулага года яе спрабавалі вывезці з Беларусі, але на мяжы яна парвала пашпарт.

Калеснікаву абвінавачваюць у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам і стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтве ім. Суд над Марыяй Калеснікавай і адвакатам Максімам Знакам пачнецца 4 ліпеня, ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Back to top button