Галерэі Белгазпрамбанка вярнулі канфіскаваныя палотны

Сёння ў галерэю «Арт-Беларусь» вярнулі канфіскаваныя следствам палотны з калекцыі Белгазпрамбанка, паведамляе прэс-служба банка.

У чэрвені 2020 года ў межах крымінальнай справы супраць кіраўнікоў Белгазпрамбанка былі канфіскаваныя палотны, якія ўваходзілі ў калекцыю банка, агульным коштам 20 мільёнаў даляраў. Паводле інфармацыі дзяржСМІ, прадметы мастацтва «рыхтавалі да вывазу з краіны». З таго часу яны былі канфіскаваныя і не выстаўляліся. Сярод 150 палотнаў былі працы Марка Шагала і Хаіма Суціна. Экс-дырэктара банка Віктара Бабарыку прыхільнікі пераменаў успрымалі як галоўнага суперніка Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах, таму і затрыманне Бабарыкі, і арышт мастацкіх твораў выклікалі абурэнне беларусаў.

У Палацы мастацтваў паведамілі, што галерэі вярнулі 136 твораў. Як вядома, некаторыя канфіскаваныя палотны захоўваліся ў галерэі Ліліі Лукашэнка, жонкі Віктара Лукашэнкі, якая зусім нядаўна трапіла ў чацвёрты санкцыйны спіс ЕС.

Back to top button