Ціханоўская: беларускі народ знаходзіцца на баку Украіны

Лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская звярнулася да ўкраінскага народа і прэзідэнта краіны Уладзіміра Зяленскага. Яна запісала свой зварот на беларускай мове, бо яна блізкая да ўкраінскай. Яна расказала, што робяць беларусы, каб два народы заўсёды заставаліся саюзнікамі, і падкрэсліла, што ўдзел Беларусі ў вайне супраць украінцаў на сумленні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

«Мы захапляемся вамі, шаноўныя ўкраінцы і спадар Прэзідэнт. Вашы дзеянні з’яўляюцца прыкладам адзінства кіраўніцтва дзяржавы і ўсяго народа. Мы, беларусы, супраць рэжыму, які ўжо здаў частку суверэнітэту нашай краіны, каб стаць часткай агрэсіі супраць вашай краіны», – сказала Ціханоўская.

Яна падкрэсліла, што ў Беларусі пачаўся антываенны рух. У атмасферы страху дзясяткі тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы з пратэстам – пасля татальнай зачысткі грамадзянскай супольнасці і незалежных медыяў. 900 чалавек былі затрыманыя за два дні, і ўсе яны разумелі, на што ідуць.

Больш за тое, паводле Ціханоўскай, унутры краіны беларусы пашкоджваюць шляхі, па якіх ідзе ваенная тэхніка. Фармуецца нацыянальны корпус з добраахвотнікаў і вайскоўцаў, якія адмовіліся выконваць злачынныя загады Лукашэнкі, каб удзельнічаць у баявых дзеяннях на баку Украіны. Беларусы Украіны ідуць валанцёрыць, дапамагаюць тэрытарыяльнай абароне. Беларусы замежжа дапамагаюць уцекачам і займаюцца пастаўкамі экіпіроўкі і медыкаментаў.

«Такіх беларусаў становіцца ўсё больш, і яны вашыя саюзнікі. Цяпер і назаўжды», – так завяршыла Ціханоўская свой праніклівы зварот.

Back to top button