1000 дзён несвабоды: Сяргея Ціханоўскага зноў судзяць

Сяргей Ціханоўскі адыграў ключавую ролю напярэдадні пратэстаў 2020 года ў Беларусі і стаў першым палітычным зняволеным праз гэтыя падзеі. Ужо 1000 дзён яго ўтрымліваюць за кратамі паводле надуманых абвінавачанняў. 14 лютага па справе Ціханоўскага распачаты новы працэс, паведамляе Deutsche Welle. Асуджанаму на 18 гадоў калоніі відэаблогеру пагражаюць яшчэ два гады турэмнага зняволення.

З YouTube у палітыку

З’яўленне Сяргея Ціханоўскага на палітычнай сцэне Беларусі для многіх у 2020 годзе стала сюрпрызам. Да гэтага ён быў вядомы як аўтар Youtube-канала “Краіна для жыцця“. Разам з невялікай камандай Ціханоўскі падарожнічаў па Беларусі і расказваў у відэароліках, з якімі праблемамі сутыкаюцца жыхары правінцыі. А яны шчыра дзяліліся сваімі думкамі і поглядамі на камеру. Менш як за год стаў самым папулярным у беларускім сегменце Youtube, сабраўшы вакол сябе палітычна актыўных беларусаў. У траўні 2020 года з’явіўся ролік, у якім Ціханоўскі паведаміў, што мае намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах.

Крыніца: t.me/strana_turma

Лёсавызначальная ракіроўка

Рэжым сачыў за дзейнасцю Сяргея і перад самым пачаткам выбарчай кампаніі ён быў арыштаваны на 15 сутак, нібыта за арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. У выніку замест яго зарэгістравалася ягоная жонка Святлана Ціханоўская. Пасля заканчэння адміністрацыйнага арышту Сяргей Ціханоўскі стаў даверанай асобай Святланы і актыўна ўдзельнічаў у кампаніі па зборы подпісаў у яе падтрымку. Рэкордная колькасць удзельнікаў у пікетах па ўсёй Беларусі яшчэ больш занепакоіла рэжым.

Паўторны арышт і сустрэча з Лукашэнкам

29 мая 2020 года Ціханоўскага зноў затрымалі ў Гродне пасля інсцэнаванай сутычкі з міліцыянерам. На яго лецішчы міліцыянты нібыта знайшлі буйную суму грошай падчас ператрусу. Юрыст “Вясны” Павел Сапелка лічыць, што затрыманне Ціханоўскага і ягонай каманды на гарадзенскім пікеце стала пачаткам масавых рэпрэсій уладаў супраць беларусаў. Пасля выбараў у жніўні 2020, на якіх па незалежных падліках перамагла Святлана Ціханоўская, да абвінавачанняў дадалі і арганізацыю пратэстных выступаў. У кастрычніку 2020 года на фоне пратэстаў Аляксандр Лукашэнка вырашыў сустрэцца з затрыманымі апазіцыянерамі проста ў СІЗА КДБ. На сустрэчы Сяргей Ціханоўскі звяртаўся да Лукашэнкі на “ты”, задаваў крытычныя пытанні і абураўся парушэннямі правоў. Калі Лукашэнка зрабіў яму заўвагу, “каб не перарываў прэзідэнта”, Ціханоўскі запярэчыў, што гэтым яго не здзівіш, у яго жонка прэзідэнт.

Крыніца: t.me/strana_turma

Ціск у турме

У снежні 2021 года Сяргея Ціханоўскага прызналі вінаватым, сярод іншага, у арганізацыі масавых беспарадкаў і распальванні сацыяльнай варожасці і асудзілі на 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. На прыкладзе Ціханоўскага можна адсачыць усе метады ціску, якія выкарыстоўваюць сілавікі, каб зламаць зняволенага. У дачыненні да яго прадугледжана максімальная ізаляцыя ў турме. Цяпер яму пагражаюць дадатковыя 2 гады за “злоснае непадпарадкаванне супрацоўнікам папраўчай установы”.

“Сяргей не перастане быць харызматычным і разумным лідэрам, колькі б яшчэ гадоў яму ні намалявалі”, – адрэагавала на гэтую навіну Святлана Ціханоўская. Лідэрка апазіцыі ў выгнанні нястомна расказвае пра лёс Сяргея і тысяч зняволеных на міжнароднай арэне.

Крыніца: t.me/tsikhanouskaya

За два гады “справа Ціханоўскага” перарасла ў дзясяткі палітычна матываваных крымінальных справаў. Улады выкарыстоўваюць яго для пераследу іншадумцаў і паплечнікаў Ціханоўскага. Дзесяткі чалавек былі асуджаныя. Як стала вядома Zerkalo.io, кватэра Сяргея Ціханоўскага ў Менску была выстаўленая на аўкцыён. Улады спрабуюць прадаць кватэру ў мэтах пакрыцця надуманай шкоды. Згодна з прысудам, ён і іншыя фігуранты справы павінны выплаціць каля 8,5 мільёнаў еўра штрафу.

“Рэжым апусціўся да марадзёрства і бандытызму. У гэтай кватэры мы з Сяргеем і нашымі дзецьмі правялі шмат добрых і радасных дзён. Як бы гэтыя людзі ні імкнуліся пазбавіць нас сям’і, каханні і памяці, у іх не выйдзе – кожны момант шчасця застаецца з намі”, – падкрэсліла Святлана Ціханоўская.

Back to top button