Алесь Бяляцкі: што будзе з Беларуссю?

*Субтытры на англійскай, нямецкай і польскай мовах

25 лістапада, у 500-ты дзень зняволення праваабаронцы Алеся Бяляцкага, нямецка-швейцарская арганізацыя Libereco правядзе мерапрыемствы ў Цюрыху і Гаазе, каб разам патрабаваць вызвалення Алеся і ўсіх беларускіх палітвязняў. А еўрапейскія дыпламаты стварылі петыцыю за вызваленне легендарнага праваабаронцы.

На думку паплечнікаў і калегаў, хутчэй за ўсё, зараз Алесь, знаходзячыся ў турме, робіць нататкі пра навакольны свет для сваёй новай кнігі. Тым, хто добра ведае Алеся як заснавальніка і кіраўніка беларускага праваабарончага цэнтру “Вясна”, аднаго з ініцыятараў дэмакратычнага руху і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, напэўна, будзе прыемна даведацца, што Алесь Бяляцкі вядомы яшчэ і як літаратар і даследчык беларускай літаратуры.

Агулам ён выпусціў каля дзесяці кніг, многія матэрыялы для якіх былі напісаны падчас яго зняволення. У сваіх кнігах ён разважае пра падзеі асабістага і грамадскага жыцця, людзей побач з сабой, падарожжы, гісторыю і літаратуру Беларусі, стан ў зняволенні. Сярод іх такія кнігі, як “Літаратура і нацыя”, выдадзеная ў 1991 годзе, а таксама “Бой з сабой”, першыя тры главы якой пісаліся ў Бабруйскай калоніі. Кніга “Турэмныя сшыткі”, у сваю чаргу, складаецца з дзённікавых запісаў, якія пункцірна ствараліся ў розных сшытках або на асобных лістах падчас зняволення. Агулам ён выдаў каля дзесяці кніг, многія матэрыялы для якіх былі напісаныя падчас яго зняволення.

У інтэрв’ю медыяпраекту Аugust2020 у траўні 2021 года Алесь Бяляцкі ўзгадвае падзеі 2020 года і дзеліцца сваімі думкамі:

Ты трапляеш у асяроддзе, дзе цябе трэба прэсаваць, трэба прыніжаць, трэба пераследваць, трэба абмяжоўваць твае нават куцыя правы, якія ты маеш у зняволенні. Гэтыя рэчы, на жаль, цяпер культывуюцца ў дачыненні да палітвязняў. Я таксама быў у зняволенні. Там, вядома, трэба мець вытрымку і цярпенне, таму што суткамі, тыднямі, месяцамі часам прыходзіцца проста чакаць і не рабіць рэзкіх лішніх рухаў.

Наогул было такое адчуванне, што прыйшла вайна. Я насамрэч чакаў, што будзе ўведзенае ваеннае становішча, што будзе ўведзенае войска. Але чамусьці тады ўлады гэтага не зрабілі і адступілі назад. Не ведаю, можа, псіхалагічна там нешта адбылося, ці яны былі не гатовы да такога ўпартага супраціву і да гэтай хвалі нянавісці да іх за сфальсіфікаваныя выбары, за тое, што ў людзей скралі магчымасць выбіраць.

Мы ж бачым, тады ўся Беларусь стаяла на вушах, людзі патрабавалі справядлівасці і нічога болей. Безумоўна, гэта быў загад, безумоўна, гэта быў нават не адзін загад. Гэта было ўказанне на сілавое падаўленне масавых пратэстаў, прычым з выкарыстаннем вось гэтых садысцкіх метадаў: катаванняў, забойстваў, раненняў.

Я палез у архівы ПЦ “Вясна” і паглядзеў, як гэта адбывалася пасьля Маршу Свабоды ў 1999 годзе, які праходзіў 20 гадоў таму. І тады, і цяпер абсалютная большасць людзей, якія былі затрыманыя, – гэта звычайныя грамадзяне, гэта не падрыхтаваныя баевікі, не падрыхтаваныя атрады, якія гатовыя, так бы мовіць, нейкім сілавым чынам захапіць уладу. Гэта людзі самых шырокіх пластоў насельніцтва.

Мы ўсё гэта ўбачылі, калі гэтыя людзі пайшлі да нас са сваімі сведчаннямі, пачалі расказваць. Гэта атмасфера сталай напругі. Ты проста рэальна там знаходзішся ўвесь час як на вайне. Цяпер аказалася, што наша праца злачынная, яна апынулася па-за законам.

Але ў пераважнай большасці настроі людзей не змяніліся, гэта абсалютна дакладна. Людзі не збіраюцца мірыцца з гэтай уладай, і ўлада знаходзіцца ў меншасці. Доўга працягвацца гэта не можа. Я б сказаў, што трэба проста вытрымаць, трэба вытрымаць гэты час…

Back to top button