Святлана Ціханоўская сустрэлася з Аляксеем Арэстовічам

Лідэрка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская сустрэлася з Дарадцам кіраўніка Офіса прэзыдэнта Украіны Аляксеем Арэстовічам у Вільні, куды ён прыехаў, у тым ліку, для ўдзелу ў мерапрыемствах у гонар 508-х угодкаў бітвы пад Воршай 8 верасня.

Ціханоўская падзякавала Арэстовічу за падтрымку беларусаў. У адказ ён заявіў, што «будзе памылкай уяўляць беларусаў людзьмі, няздольнымі да супраціву». У размове Арэстовіч адзначыў, што добра разумее сітуацыю ў Беларусі, і адзначыў ролю падпольнага супраціву. Ён таксама падкрэсліў, што ўкраінцы не ставяць знак роўнасці паміж Лукашэнкам і беларускім народам. Аляксей Арэстовіч запэўніў Святлану Ціханоўскую, што на беларускую тэрыторыю не ўпадзе ніводзін украінскі снарад.

Палітыкі абмеркавалі ролю прадстаўніка па справах беларусаў ва Украіне, які будзе абараняць інтарэсы беларусаў ва ўрадзе, і сінхранізацыю парадку дня дзвюх краін, каб свабодная Украіна і дэмакратычная Беларусь размаўлялі ў адзін голас.

Сёлета ў траўні ў Кіеве было створана афіцыйнае прадстаўніцтва Святланы Ціханоўскай для наладжвання сувязі з украінскімі ўладамі і абароны інтарэсаў беларусаў, якіх ва Украіне каля 50 тысяч чалавек. Пасольства Лукашэнкі выехала з Кіеву адразу пасля пачатку вайны.

Back to top button