Зяленскі надзеў кашулю з вышыўкай беларускай мастачкі

Напярэдадні найважнейшых дзяржаўных святаў Украіны Уладзімір Зяленскі запісаў чарговы штодзённы зварот да свайго народа, надзеўшы «выжыванку» — вышыванку колеру хакі з арнаментам беларускай мастачкі Руфіны Базлавай.

Для самой Руфіны гэта стала прыемнай неспадзяванкай. «У нядзелю позна ўвечары я ўжо зьбіралася спаць, а тут сябар зь Беларусі прысылае мне паведамленьне: «Паглядзі, на Зяленскім твая вышыўка». Для мяне гэта быў шок! Гэта вельмі прыемна. І вялікі гонар, што прэзыдэнт Украіны ў такі складаны час носіць маю «выжыванку»: я ж ня проста «вышыванкі» раблю, а менавіта «выжыванкі», — распавяла мастачка ў інтэрв’ю «Радыё Свабода».

«Выжыванкамі» Руфіна назвала візуальную гісторыю беларускіх пратэстаў з 2020 года, якую яна распавядае з дапамогай традыцыйнай беларускай вышыўкі крыжыкам у бел-чырвоных колерах. З пачаткам вайны ва Ўкраіне з’явіліся і выжыванкі на ўкраінскую тэматыку. У траўні мастачка пачала супрацоўнічаць з украінскім брэндам мужчынскага адзення Indposhiv. Большая частка грошай ад продажу іх кашуляў з вышыўкай бел-чырвонага колеру і колеру хакі ідзе на падтрымку Узброеных Сіл Украіны. Адну з такіх кашуль цяпер носіць і прэзідэнт Украіны

Яшчэ адзін важны праект, які Руфіна Базлава робіць разам з Соф’яй Такар, — «Framed in Belarus». Гэта серыя карцін, прысвечаных беларускім палітвязням, да вышыўкі якіх можа далучыцца любы ахвотны, пакінуўшы заяўку. Руфіна кажа, што пакуль цалкам гатовыя 110 вышывак, у працэсе — 382. Пры гэтым колькасць палітвязняў у Беларусі ўжо перавысіла 1300 чалавек.

Back to top button