Пашырана прымяненне смяротнага пакарання ў Беларусі

З 2020 года рэжым застрашвае насельніцтва ў Беларусі. Арышты, суды, вялікія тэрміны любым супернікам дзейнага рэжыму сталі да болю звыклымі. Але і без таго жахлівая сітуацыя стала яшчэ больш жудаснай. Як паведамляе REFORM.by, нядаўна ў Беларусі ўвялі смяротнае пакаранне за замах на акт тэрарызму. Дакумент пра гэта быў падпісаны 18 траўня. Закон набывае моц праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання, 29 траўня. Раней смяротны вырак не мог быць прызначаны за падрыхтоўку да злачынства.

З 2020 года ў спіс тэрарыстаў унесены 46 беларусаў, сярод якіх палітыкі Святлана Ціханоўская і Павел Латушка, блогеры Сцяпан Пуціла і Антон Матолька.

Некалькі дзён таму пачаўся суд над Мікалаем Аўтуховічам і 11 фігурантамі яго справы. Паводле афіцыйнай версіі, яго абвінавачваюць у падпале аўтамабіля і дома супрацоўніка міліцыі ў Гародні, а таксама ў падрыхтоўцы тэрактаў па ўсёй краіне. У адпаведнасці з новаўведзеным законам за гэта прадугледжваецца найвышэйшая мера пакарання. Мікалаю ўжо двойчы раней прад’яўляліся абвінавачанні, абодва разы праваабаронцы прызналі яго пераслед палітычна матываваным.

Back to top button