С. Ціханоўская выступіла на адкрыцці беларускага кокусу ў Кангрэсе ЗША

21 ліпеня 2021 года ў амбасадзе Літвы ў ЗША адбылася сустрэча кокусу «Сябры Беларусі» – міжпартыйнай групы Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, якая будзе працаваць па тэме Беларусі. Гэта першы выпадак у гісторыі Беларусі, калі ЗША аказваюць такую падтрымку беларусам.

Падчас канферэнцыі з удзелам лідэркі апазіцыі Беларусі Святланы Ціханоўскай была выказана ўпэўненасць, што менавіта яна, а не Аляксандр Лукашэнка на самай справе перамагла на прэзідэнцкіх выбарах.

Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай на адкрыцці кокусу і падзякавала ЗША за такі высокі ўзровень падтрымкі беларусаў: «Неістотна, рэспубліканец вы ці дэмакрат, супрацоўнік Дзярждэпартамента або кангрэсмен, – вы адстойваеце каштоўнасці дэмакратыі. І народ Беларусі змагаецца за гэта штодня. Таму, калі вы глядзіце мне ў вочы, вы насамрэч бачыце вочы кожнага палітвязня, кожнага актывіста, кожнага беларуса, які хоча жыць у вольнай краіне. Жыве Беларусь!»

Планы кокусу прадугледжваюць прасоўванне фінансавай дапамогі Беларусі і лабіраванне новых санкцый у дачыненні да дзейнага рэжыму, а таксама згуртаванне заходніх краін для абароны суверэнітэту Беларусі.

На мерапрыемстве ў якасці беларускага сімвала быў вывешаны бел-чырвона-белы нацыянальны сцяг.

Back to top button