Ва Украіне адчынілася прадстаўніцтва офіса Святланы Ціханоўскай

У Кіеве створана афіцыйнае прадстаўніцтва Святланы Ціханоўскай, якое будзе працаваць на пастаяннай аснове, наладжваючы сувязі з украінскімі ўладамі і абараняючы інтарэсы беларусаў, якія знаходзяцца ва Украіне. Раней дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сіл ужо наведвала Кіеў, правяла шэраг сустрэч і прывезла гуманітарныя грузы для беларускіх добраахвотнікаў, што абараняюць краіну.

Кіраўнік кабінета С. Ціханоўскай Валер Кавалеўскі адзначыў, што галоўная мэта прадстаўніцтва – усталяваць пастаянны дыялог, распавядаць пра сітуацыю ў Беларусі, казаць пра тое, што рэпрэсіі працягваюцца, і падкрэсліваць, што Лукашэнка — не Беларусь і за ягоным удзелам у вайне супраць Украіны не стаіць беларускі народ. Дыпламат дадаў, што на сёння прадстаўніцтва Святланы Ціханоўскай – адзінае афіцыйнае прадстаўніцтва Беларусі ва Украіне. Амбасада Лукашэнкі выехала з Кіева адразу, як распачалася вайна, і вяртанне дыпламатаў будзе праблематычным, тут ім будуць не рады, як лічыць В. Кавалеўскі.

Для прадстаўніцтва важна падтрымаць беларускіх грамадзян, якія засталіся ва Украіне ці жадаюць вярнуцца сюды. Паводле розных дадзеных, колькасць беларусаў ва Украіне перад вайной складала прыкладна 50 тысяч чалавек. Многія з іх засталіся ў краіне і займаюцца валанцёрствам або бяруць удзел у баявых дзеяннях на баку Украіны.

.

Back to top button