Заходнія карпарацыі фінансуюць прапаганду Лукашэнкі

Два з трох рэкламных ролікаў, якія транслююцца на дзяржаўным беларускім тэлебачанні, зробленыя ў інтарэсах буйных карпарацый з Еўропы і ЗША. Пра гэта сведчыць аналіз, праведзены нямецка-швейцарскай праваабарончай арганізацыяй Libereco.

З 874 рэкламных ролікаў, паказаных за тыдзень у прайм-тайм на беларускіх дзяржканалах, амаль дзве траціны (63%) прыйшліся на заходнія кампаніі. Рэкламныя ролікі дэманструюцца непасрэдна да, пасля і падчас палітычных праграм і выпускаў навін, якія маюць відавочны прапагандысцкі фармат.

Абсалютным лідэрам з’яўляецца кампанія Procter & Gamble (ЗША, 100 ролікаў). Далей ідуць Nestlé (Швейцарыя, 79), Mars (ЗША, 44), Henkel (Германія, 43), Colgate-Palmolive (ЗША, 37), Sandoz (Швейцарыя, 35), Coca-Cola (ЗША, 35), PepsiCo ( ЗША, 33), Dr. Theiss Naturwaren (Германія, 32) і Mondelez International (ЗШАб 29). Таксама былі паказаныя агулам 82 рэкламныя ролікі кампаній Carlsberg (Данія), L’Oréal і Sanofi (абедзьве – Францыя), Dolorgiet (Германія), GlaxoSmithKline (Вялікабрытанія), Śnieżka (Польшча) і Gedeon Richter (Венгрыя).

Libereco заклікала ўсе кампаніі з ЕС, ЗША, Швейцарыі і Вялікабрытаніі неадкладна адмовіцца ад паказу рэкламных ролікаў на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах і, такім чынам, спыніць фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі.

«Вось ужо год рэжым Лукашэнкі тэрарызуе ўласнае насельніцтва, нават апошні PR-менеджэр мусіў бы гэта ведаць. Тое, што сусветныя брэнды, такія як Procter & Gamble, Mars, Henkel, Coca-Cola ці PepsiCo, па-ранейшаму і ў значнай ступені рэкламуюцца на прапагандысцкіх каналах дыктатара – гэта скандал. Кампаніі, відавочна, клапоцяцца толькі пра свой прыбытак, а катастрафічнае становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі іх зусім не хвалюе», – упэўнены старшыня нямецкага аддзялення Libereco Марка Фібер. Ён абвінаваціў заходнія карпарацыі ў «маральным банкруцтве».

Back to top button