Святлана Ціханоўская ў Чэхіі сустрэлася з ахвярамі катаванняў і раненняў

У межах свайго візіту ў Чэхію Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларусамі, якія выехалі на рэабілітацыю пасля раненняў і катаванняў пасля падаўлення мірных пратэстаў у жніўні 2020 года.

Беларусы знаходзяцца ў Чэхіі па медыцынска-гуманітарнай праграме MEDEVAС.

На сустрэчы пацярпелыя распавялі пра перанесеныя траўмы, а адзін з іх паказаў Ціханоўскай кулю, якую дасталі з яго аорты. Беларусы прызналіся, што за гэты год яны перажылі шмат болю і жаху, але пры гэтым адкрылі для сябе вялікую колькасць клопату і ўзаемадапамогі ад знаёмых і незнаёмых людзей: «У гэтых пакутах сапраўды прачынаецца наша нацыя».

Увечары на Старамесцкай плошчы ў цэнтры Прагі на акцыю салідарнасці з Беларуссю прыйшло некалькі сотняў беларусаў. З імі сустрэлася Святлана Ціханоўская і чэшскія праваабаронцы. Прысутныя ставілі подпісы за вызваленне палітвязняў у Беларусі.

Back to top button