300 еўрапейскіх дэпутатаў сталі хроснымі палітзняволеных у Беларусі

Кампанія Libereco #WeStandBYyou дасягнула важнай вехі: дэпутатка партыі “Саюз 90/Зялёныя” Брыта Хасельман (Германія) стала 300-й сімвалічнай “хроснай” палітычнага зняволенага ў Беларусі.

300 “хросных” з 17 еўрапейскіх дзяржаў ілюструюць нязменную і вялізную еўрапейскую салідарнасць з ахвярамі рэжыму Лукашэнкі. Аднак іх колькасць таксама падкрэслівае масавасць рэпрэсій супраць дысідэнтаў у Беларусі: колькасць палітычных зняволеных на сённяшні дзень ужо перавышае 1250 чалавек. Людзі па-ранейшаму знаходзяцца ў зняволенні за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў улетку 2020 года. У той жа час рэжым Аляксандра Лукашэнкі зараз таксама пераследуе людзей, якія выступаюць супраць вайны ва Украіне і ўдзелу ў ёй Беларусі.

Рэжым Лукашэнкі не цураецца асуджаць цяжкахворых людзей на працяглыя тэрміны зняволення і падвяргаць іх бесчалавечным умовам утрымання. Сярод нявінна затрыманых – дзясяткі людзей, якія пакутуюць на цяжкія захворванні, такія як рак, хваробы сэрца або наступствы гвалту з боку сілавікоў. Павел Кучынскі, “хроснай” якога стала Брыта Хасельман, пакутуе на рак у апошняй стадыі. Згодна з рашэннем суда, наступныя 4,5 гады Кучынскі павінен правесці ў турме без належнага медыцынскага лячэння.

Цяпер у Беларусі каля 30 палітвязняў знаходзяцца ў стане пагрозы жыццю. Падчас зняволення пад вартай палітвязні не атрымліваюць належнай медыцынскай дапамогі, нават калі самі просяць пра гэта кіраўніцтва турмы. Тым самым рэжым Лукашэнкі парушае беларускае заканадаўства і ўсеагульныя правы чалавека.

Libereco будзе працягваць і пашыраць кампанію #WeStandBYyou да таго часу, пакуль рэжым Лукашэнкі працягвае рэпрэсіі супраць іншадумцаў і адвольна кідае невінаватых людзей у турмы як палітычных зняволеных.

Back to top button