Ці вінаватыя беларусы ў дапамозе расейскай вайсковай агрэсіі?

Беларускі пісьменнік Андрэй Жвалеўскі, які і цяпер жыве Беларусі, напісаў артыкул пра тое, у якім становішчы знаходзяцца беларусы і што адчуваюць падчас ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны з тэрыторыі іх краіны. Адрасатамі свайго выказвання ён бачыць украінцаў, жыхароў дэмакратычнага свету і саміх беларусаў. Мы публікуем артыкул у скарачэнні.

Цяпер, калі ўвесь свет глядзіць на ваенную агрэсію Расіі супраць Украіны з тэрыторыі Беларусі, беларусаў згадваюць словамі «памагатыя агрэсіі». Прычым гэтыя прэтэнзіі выказваюць не толькі ў адрас Лукашэнкі і ягоных падначаленых, а ўвогуле – усе беларусы вінаватыя, што не ваююць на баку Украіны.

Украіне патрэбна канкрэтная дапамога. Ім я магу толькі сказаць: «Мы намагаемся». Не толькі выходзім на пратэсты, чаго не было ўжо больш за год. Не толькі адпраўляемся за краты – затрыманы 800 чалавек, што ў маштабах Украіны склала б 3500. Нашы партызаны не бяздзейнічаюць. Пакуль гэта кропля ў моры, але… І тут мяне зноў цягне апраўдвацца. Не буду. Украіне не да апраўданняў. Проста прашу паверыць – мы робім, што можам. Так, можам мала, але гэта не наша віна, гэта наша бяда.

А вось чаму гэта бяда, трэба патлумачыць іншай групе чытачоў – тым, хто вырас у рэальнай дэмакратыі. Або тым, хто настолькі да яе прывык, што шчыра не разумее: «Чаму вы не зменіце свайго Лукашэнку?».

Аднойчы знаёмая эмігрантка ў ЗША расказала, як амерыканскія студэнты вывучаюць сталінскія рэпрэсіі. «Што за глупства? – абураюцца яны. – Чаму яны гэта дазвалялі? Чаму адпраўляліся ў канцлагер? Вось калі б мяне адправілі ў канцлагер, я б ні завошта не паехаў!» (Калі што, гэта не жарт, рэальная фраза). Вось ваша абурэнне для беларуса гучыць прыкладна гэтак жа. Вы ўвесь час думаеце, што мы згушчаем фарбы, расказваючы пра канцлагер.

Не.

Увесь час памятайце, дарагія дэмакраты, што я жыву ў краіне, дзе на 9,5 мільёнаў насельніцтва – больш за тысячу палітвязняў. У Нямеччыне пры тым жа ўзроўні рэпрэсій было б амаль дзевяць тысяч палітвязняў. У ЗША – 34 тысячы. Паспрабуйце запомніць, што Беларусь – краіна, у якой наогул няма закона. Генпракурор у навагодняй справаздачы выхваляўся, што па «палітычных» справах за 2021 год асуджаны 1600 чалавек, і ніводзін суд не скончыўся апраўдальным прысудам.

(Чаму я кажу «больш за тысячу» палітвязняў, а пракурор – пра 1600? Нашы праваабаронцы, частка якіх сама сядзіць за кратамі, вельмі скрупулёзныя, калі аб’яўляюць чалавека палітвязням. Па мне – дык занадта скрупулёзныя.) Словам, дарагія распешчаныя дэмакратыяй людзі, кожны раз, калі вы кажаце: «Чаму беларусы не…», мы чуем: «Я б у канцлагер не паехаў».

А цяпер пяройдзем да групы чытачоў, якія рэагуюць на «калектыўную віну беларусаў» самым бурным чынам. Так, я пра нас, беларусаў. Ворагі ўжо зразумелі, што «калектыўную віну» можна выкарыстоўваць, каб убіць клін паміж украінцамі і беларусамі. Сярод рэальных каментараў усё часцей з’яўляюцца боты, якія б’юць у адну кропку: беларусы здрадзілі Украіне, беларусы – агрэсары, беларусы – сволачы. Адрозніць бота проста: у яго, як правіла, пусты акаўнт, а ў сябрах толькі іншыя боты. Калі перад рэальнымі ўкраінцамі варта папрасіць прабачэння і паабяцаць пачаць нешта рабіць, то з ботамі размова кароткая – скарга і бан.

Самае галоўнае – а ў чым мы з вамі вінаватыя? Гэта сапраўды важнае пытанне. Пачуццё віны ёсць, мы гэта адчуваем. Але калі нас вінавацяць у тым, што мы не ідзем з голымі рукамі на АМАП, мы ў некаторай разгубленасці. Гэта выклікае здзіўленне, а не крыўду. Інакш кажучы, вінаватыя мы не ў гэтым.

А ў чым?

Прызнаюся, я доўга самакапаўся. Узгадваў розныя перыяды беларускай гісторыі і сачыў, што я стараюся праскочыць, дзе не хачу спыняцца. Для мяне такой вельмі непрыемнай кропкай стала сярэдзіна 1990-х. Гэта калі Лукашэнка спачатку перамог на выбарах, а потым знішчыў усе дэмакратычныя інстытуты, падпарадкаваў усе галіны ўлады сабе і пачаў будаваць паліцэйскую дзяржаву.

Я, як і пераважная частка беларусаў, проста бухцеў. Распавядаў анекдоты. Спачатку яшчэ спрабаваў галасаваць супраць на ўсякіх рэферэндумах, потым увогуле кінуў хадзіць на выбары. Іранізаваў над апазіцыяй. Карацей, абыякава глядзеў, як вакол мяне будуюць плот і кулямётныя вышкі.

Вось гэта мая рэальная віна. Думаю, мае аднагодкі і старэйшыя таксама ўпотай разумеюць гэта, але баяцца прызнацца. Ці не баяцца. Гэта не важна. Важна тое, што мінулае змяніць немагчыма. Але можна атрымаць з яго ўрокі для будучыні. Але пра гэта казаць пакуль рана. Цяпер задача іншая – перамагчы дыктатуру. Адолець вялізны рэпрэсіўны апарат, у якім цяпер не толькі міліцыя, КДБ і іншыя карныя органы, але і тыя, хто тэарэтычна павінен абараняць ад самавольства – пракуратура, суд, нават адвакацкі корпус. І гэта пры поўнай адсутнасці ўвогуле любых грамадскіх арганізацый.

Але гэта не значыць, што задачу вырашыць немагчыма. Усё можна вырашыць, калі вырашаць. А калі галасіць і лаяцца са сваімі ж, то ўсе сілы на гэта і сыдуць. Паспрабуйце нешта зрабіць. Проста цяпер.

Слава Україні!

Жыве Беларусь!

Back to top button