Працягваюцца затрыманні журналістаў незалежных СМІ

У Брэсце прайшлі ператрусы ў супрацоўнікаў мясцовага часопіса «Бінокль»: сілавікі прыйшлі да выдаўца часопіса Дар’і Гарашчанка, фатографкі Вольгі Латышавай і рэдактаркі Ксеніі Пятровіч.

У Магілёве ў рэдакцыю сайта «Магілёўскі рэгіён» прыехала міліцыя, прайшлі ператрусы. Сілавікі забралі камп’ютары і іншую тэхніку. У рэдакцыю магілёўскага партала 6tv.by прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, канфіскавалі тэхніку. На пазаштатнага карэспандэнта БелаПАН у Магілёве Алеся Асіпцова склалі пратакол «за незаконны выраб прадукцыі СМІ».

А ў Гомелі ператрус адбыўся ў Ганны Стрэльчанкі, бухгалтаркі выдання «Моцныя навіны».

Рэдакцыя выдання «Наша ніва» спыніць працу ў Беларусі дзеля бяспекі. Чатырох супрацоўнікаў гэтага выдання, у тым ліку галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча, затрымалі 8 ліпеня 2021 года па падазрэнні ў арганізацыі дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак. Ягор Марціновіч пры затрыманні быў збіты. Сайт «Нашай нівы» заблакаваны ўладамі.

У Беларусі застаюцца ў няволі 29 прадстаўнікоў медыя. Дзве журналісткі асуджаныя і адбываюць пакаранне ў калоніі. Усяго з пачатку года зафіксавана 87 затрыманняў журналістаў і 107 ператрусаў, шэсць фактаў прымянення гвалту ў дачыненні да журналістаў і напады на іх падчас выканання прафесійных абавязкаў. 21 раз журналісты адбывалі адміністрацыйны арышт і 38 разоў ім прызначаліся штрафы на агульную суму 18 тыс. долараў ЗША. Практычна ўсіх затрыманых журналістаў праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі.

Back to top button