Краіны Балтыі патрабуюць ад Беларусі раскрыць інфармацыю пра вучэнні

Латвія, Літва і Эстонія звярнуліся да АБСЕ з запытам аб сустрэчы з Беларуссю і іншымі зацікаўленымі бакамі ў межах Венскага дакумента. Яны запатрабавалі ад Беларусі даць больш інфармацыі пра яе буйнамаштабныя сумесныя ваенныя вучэнні з Расіяй, якія пачаліся 10 лютага 2022 года. 9 лютага тры балтыйскія краіны папрасілі Беларусь даць тлумачэнні наконт незвычайнага і незапланаванага разгортвання войскаў на вучэннях на тэрыторыі Беларусі, выкарыстання ваеннай тэхнікі і даты запланаванага вяртання войскаў у месцы пастаяннай дыслакацыі. 11 лютага Беларусь адказала на запыт, але Латвія, Літва і Эстонія палічылі яго нездавальняльным.

Аналагічны запыт накіравала Украіна да Расіі. Сустрэчы ў межах Венскага дакумента мусілі адбыцца адпаведна 14 і 15 лютага 2022 года, але Беларусь не падала ніякіх звестак, а Расія адмовілася ад удзелу.

Францыя ад імя Еўразвяза заклікала Беларусь забяспечыць поўную празрыстасць сваёй ваеннай дзейнасці і дзейнасці Узброеных сіл Расіі на яе тэрыторыі побач з Украінай. Міністарка замежных спраў Злучанага Каралеўства Ліз Трас у сваёй заяве адзначыла, што адмова Расіі ўдзельнічаць у працэсе АБСЕ дэманструе яе пагарду да абавязацельстваў, пад якімі яна добраахвотна падпісалася.

Венскі дакумент 2011 года аб мерах ўмацавання даверу і бяспекі прадугледжвае, што краіны інфармуюць адна адну аб ваеннай дзейнасці, калі ў ёй удзельнічае ад 9000 вайскоўцаў, уключна з войскам падтрымкі. Згодна з дакументам, дзяржава — удзельніца АБСЕ, якая адчувае заклапочанасць адносна незвычайнай ваеннай дзейнасці, мае права накіраваць запыт на прадстаўленне тлумачэння.

Back to top button