Масавы пераслед праваабаронцаў у Беларусі не спыняецца

14 ліпеня 2021 года па ўсёй Беларусі прайшла чарговая хваля ператрусаў, затрыманняў журналістаў, актывістаў і праваабаронцаў. Пад рэпрэсіі трапіла больш за дзесяць арганізацый. Сярод іх:

  • BEROC – вядучы незалежны акадэмічны даследчы цэнтр у галіне эканамічных даследаванняў у Беларусі. Працуе з 2008 года.
  • БНФ Беларускі Народны Фронт – адна з найстарэйшых партый Беларусі, створаная Зянонам Пазьняком, працуе з 1988 года. Яе 64-гадовы лідэр Рыгор Кастусёў быў арыштаваны 12 красавіка 2021 года, у турме яго здароўе рэзка пагоршылася, у яго падазрэнне на анкалогію.
  • Human Constanta – беларуская праваабарончая арганізацыя, займаецца абаронай правоў чалавека і антыдыскрымінацыяй. Працуе з 2016 года.
  • Беларускі Хельсінкскі камітэт – грамадская праваабарончая арганізацыя, займаецца абаронай правоў чалавека. Заснавана беларускім ПЭН-цэнтрам. Працуе з 1995 года.
  • Беларуская асацыяцыя журналістаў – няўрадавая грамадская арганізацыя, аўтарытэтная крыніца інфармацыі аб працы СМІ ў Беларусі. Працуе з 1995 года.
  • ІМЁНЫ – некамерцыйная дабрачынная медыяплатформа, якая дапамагае развіваць важныя для грамадства і краіны сацыяльныя праекты. Працуе з 2016 года.

Па ўсёй Беларусі затрыманыя многія супрацоўнікі праваабарончага цэнтра „Вясна“, кіраўнік цэнтра – Алесь Бяляцкі – затрыманы ў рамках крымінальнай справы. Праваабарончы цэнтр „Вясна“ – няўрадавая праваабарончая арганізацыя, займаецца маніторынгам і зборам інфармацыі аб парушэннях правоў і свабод чалавека ў Беларусі. Працуе з 1996 года.

Еўрасаюз папярэдзіў улады Беларусі аб наступствах сённяшняй атакі на праваабарончыя і грамадскія арганізацыі. А міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікала міжнародную супольнасць адрэагаваць на хвалю ператрусаў у Беларусі.

Амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр выказала меркаванне, што кампанія рэжыму Лукашэнкі па крыміналізацыі незалежных галасоў, праваабаронцаў і грамадзянскай супольнасці з’яўляецца прычынай міжнароднай ізаляцыі Беларусі.

Back to top button