Колькасць палітвязняў у Беларусі перавысіла 1000 чалавек

Колькасць палітычных зняволеных у Беларусі дасягнула рэкорднай лічбы ў 1007 чалавек. Гэта сумны вынік самых масавых у гісторыі краіны рэпрэсій, якія не губляюць імпэту і ў 2022 годзе.

Шырокае разгортванне палітычна матываваных пераследаў у Беларусі пачалося яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў, увесну 2020 года. Спачатку пад варту былі ўзятыя палітычныя дзеячы, якія планавалі ўдзел у электаральнай кампаніі, іх паплечнікі і валанцёры перадвыбарных штабоў. Акрамя таго, улады паспрабавалі зачысціць інфармацыйнае поле, арыштаваўшы вядомых палітычных блогераў. З цягам нарастання пратэстаў пад валец рэпрэсій патрапілі актывісты, студэнты, прадстаўнікі некамерцыйных арганізацый, праваабаронцы, сябры экспертнай супольнасці. На сённяшні дзень за кратамі знаходзяцца 32 прадстаўнікі медыйных прафесій.

У 2021 годзе, паводле падлікаў праваабаронцаў, абвінавачаныя ў рамках палітычна матываваных працэсаў былі асуджаныя на 1992 гады пазбаўлення волі, 673 гады «хіміі» і 740 гадоў «хатняй хіміі». Усяго асуджаны 1285 чалавек, у тым ліку 1051 мужчына, 234 жанчыны і 9 непаўнагадовых. Большасць, 416 чалавек, былі асуджаныя па асноўным «пратэстным» артыкуле – «групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Вялікая колькасць крымінальных спраў была заведзеная за абразу прадстаўніка ўлады ці Аляксандра Лукашэнкі. Рэчаісная колькасць палітвязняў у краіне можа быць у разы большай: яшчэ ў ліпені 2021 года ўлады казалі пра 4200 крымінальных спраў, звязаных з пратэстамі. Для надання статусу палітвязня патрабуецца прызнанне кааліцыі праваабарончых арганізацый на падставе шэрагу крытэраў. Тыя, хто адбываюць «хатнюю хімію», не лічацца палітвязнямі, бо не знаходзяцца ў папраўчых установах.

Развітыя дэмакратычныя краіны рэзка асуджаюць дзеянні беларускай улады і заклікаюць да вызвалення палітвязняў. Дзяржаўны дэпартамент ЗША і Еўрасаюз апублікавалі адпаведныя заявы. Яны заклікаюць Беларусь выконваць міжнародныя прававыя абавязкі па абароне правоў і асноўных свабодаў чалавека.

Back to top button