Yara можа адмовіцца ад супрацоўніцтва з «Беларуськаліем»

13 жніўня 2021 года на сустрэчы ў Осла Святлана Ціханоўская і СЕО Yara Свейн Торы Холзетэр абмеркавалі сітуацыю з правамі і свабодамі працоўных «Беларуськалія», у якога Yara купляе калійныя ўгнаенні.

«Yara – важны доўгачасовы партнёр для Беларусі. Аднак, улічваючы, што рэжым працягвае масавы тэрор, мы лічым, што час для Yara спыніць сваю дзейнасць у Беларусі да таго часу, пакуль у нашай краіне не будуць адноўлены законнасць і дэмакратыя, пакуль не будуць безумоўна вызваленыя і рэабілітаваныя ўсе палітвязні», – адзначыла Святлана Ціханоўская ў сумеснай заяве.

У сваю чаргу Свейн Торы Холзетэр заявіў, што «Yara вырашыла перагледзець сітуацыю і да снежня прыняць рашэнне аб далейшай прысутнасці ў Беларусі. Тым часам мы працягнем выкарыстоўваць сваё становішча для далейшага прасоўвання пытання бяспекі працоўных і правоў чалавека».

Святлана Ціханоўская знаходзіцца з працоўным візітам у Нарвегіі. Падчас візіту палітык сустрэнецца з кіраўніцай камітэту па замежных справах парламенту Нарвегіі Аннікен Хюітфельдт і дзяржаўным сакратаром МЗС Аўдун Халворсен, які намінаваў Ціханоўскую на Нобелеўскую прэмію. Галоўнымі тэмамі перамоваў стануць урэгуляванне палітычнага крызісу ў Беларусі і ўзмацненне ціску на рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Back to top button