“Чалавек такіх умоваў фізычна не вытрымлiвае. Ён памрэ”: паўторныя арышты і катаванні ў Беларусі

Ужо больш за год у Беларусі шырока распаўсюджаная практыка: пасля таго, як чалавеку прысуджаюць некалькі сутак адміністрацыйнага арышту, яго паўторна затрымліваюць па новых пратаколах і зноў адпраўляюць у турму. Праваабарончы цэнтр “Вясна” распавядае пра некалькі гучных выпадкаў у лістападзе.

Ізалятар часовага ўтрымання прызначаны для адміністрацыйных арыштаў на некалькі сутак, зняволеныя не павінны знаходзіцца там працяглы час, і ўмовы ўтрымання ў ім на парадак горшыя, чым у следчых ізалятарах (дзе затрыманыя чакаюць суда), калоніях і турмах. Паўторныя суды і зняволенне — гэта па сутнасці асобны від здзекаў з палітычных зняволеных.

Святар захварэў на ковід і ўжо тры месяцы не выходзіць на волю

Уладзіслаў Багамольнікаў. Архіўная выява: minda.by

Святар Уладзіслаў Багамольнікаў ужо трэці месяц знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна ў Мінску. Яго затрымалі яшчэ 31 жніўня і судзілі ўжо як мінімум сем разоў запар. Вядома, што ў зняволенні Уладзіслаў захварэў на ковід і пастаянна ўтрымліваецца ў нечалавечых умовах без сродкаў гігіены, паколькі перадачы для “палітычных” на Акрэсціна не прымаюць. Былы сакамернік святара навуковец Сяргей Гаранін паведаміў, што здароўе айца Уладзіслава ў вялікай небяспецы:

Чалавек такіх умоваў фізычна не вытрымлiвае. Ён памрэ. Так, я ведаю пра тое, што на Акрэсьціна сядзяць шмат-шмат тыдняў. І бачыў такіх. Але ТРЫ МЕСЯЦЫ… Нават калі я вызваляўся, і ён паціснуў мне руку, то рука ў яго была нядужая, пальцы тонкія, усе костачкі ў іх чуваць… Дык гэта калі было!!! А цяпер?! Да таго ж ён і галадоўку трымаў… Уладзіслаў чалавек мужны і трымаецца ён з годнасьцю і моцна… Таму… ЯНЫ ЯГО ЗАБІВАЮЦЬ. Фізычна. Я скеміў гэта і напісаў. Я закрычаў ад болю і жаху!

Праваслаўны святар Уладзіслаў Багамольнікаў у 2020 годзе праводзіў службу на “Плошчы перамен” па забітым сілавікамі Раману Бандарэнку, у студзені 2021 года ён аб’яўляў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка, а таксама быў сярод святароў, якія выступілі са зваротам супраць вайны.

Праваабаронцу білі электрашокерам і трымалі на марозе

Палітзняволеная праваабаронца Наста Лойка. Крыніца: nashaniva.com

Праваабаронцу Насту Лойку ўжо тройчы запар арыштоўвалі на 15 сутак. Яе затрымалі 28 кастрычніка і судзілі нібыта за “дробнае хуліганства” — гэты артыкул часта выкарыстоўваюць для прэвентыўных арыштаў. На адным з судоў Наста заявіла аб катаваннях — супрацоўнік ГУБАЗіК ударыў яе электрашокерам, а адзін з супрацоўнікаў ізалятара вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў без вопраткі на 8 гадзін, пасля чаго яна захварэла.

Актывісткі галадаюць у знак пратэсту супраць умоў утрымання

Прафсаюзная актывістка Вольга Брыцікава. Крыніца: gazetaby.com

Кіраўніца незалежнага прафсаюза нафтаперапрацоўчага завода “Нафтан” Вольга Брыцікава ў чарговы раз была затрыманая 1 лістапада. Ёй двойчы прысудзілі па 15 содняў і толькі 1 снежня адпусцілі. За кратамі яна абвясціла галадоўку — прычынай стала парушэнне яе правоў, а таксама адмова супрацоўнікаў ізалятара выдаць ёй перадачы ад сваякоў. Нагодай для затрымання Вольгі стаў малюнак з надпісам “Не вайне”, які яна апублікавала ў сацсетках.

Вольга Брыцікава была адным з лідэраў пратэстнага руху на “Нафтане” пасля выбараў 2020 года. Менавіта яна агучыла патрабаванні завадчан да ўладаў і кіраўніцтва прадпрыемства. Вольга працавала на прадпрыемстве 16 гадоў і праз сваю пазіцыю была звольнена. У траўні яна выйшла на волю пасля 75 содняў арышту за выказванні супраць вайны. З пачатку 2022 года Брыцікава правяла за кратамі 105 дзён, у тым ліку 75 дзён запар у красавіку — траўні.

Палітзняволеныя Вольга і Арцём Анішчукі. Фота з сацсетак Вольгі.

Вольга Анішчук, жонка палітвязня Арцёма Анішчука, які раней падвяргаўся катаванням у магілёўскай калоніі і судзімага па дзвюх крымінальных справах, была затрыманая 4 лістапада. Яе двойчы арыштоўвалі за перасылку паведамленняў у асабістай перапісцы з “экстрэмісцкіх” Telegram-каналаў у агульнай складанасці на 24 дні. Яе мусілі адпусціць 28 лістапада, але зноў затрымалі і далі яшчэ 10 содняў. Праваабаронцам стала вядома, што Вольга аб’явіла галадоўку ў знак пратэсту супраць жорсткага абыходжання з ёй, а яе мужа Арцёма змясцілі ў следчы ізалятар Бабруйскай калоніі. Жанчына за кратамі ўжо двойчы хварэла на бранхіт, бо ўтрымліваецца ў нечалавечых умовах і спіць на бетоннай падлозе. У ізалятары з яе здзекуюцца і аказваюць ціск — тры разы на дзень прымушаюць распранацца да гола і прысядаць.

Back to top button