Два гады са смерці Рамана Бандарэнкі. Хто пакараны?

Рамана Бандарэнку выкралі на Плошчы Перамен і збілі сілавікі 11 лістапада 2020 года. На наступны дзень ён памёр у бальніцы ад траўм. У Беларусі да cёння караюць людзей, якія патрабуюць праўды аб смерці Рамана.

“Я выходжу” – апошняе, што напісаў Раман Бандарэнка ў чаце двара, перш чым спусціцца на Плошчу Перамен, дзе невядомыя ўначы зрэзалі бел-чырвона-белыя стужкі, сімвал пратэсту супраць дыктатуры і беззаконня. Там яго схапілі і павезлі на мікрааўтобусе людзі ў цывільным і масках і пазней даставілі ў міліцэйскі ўчастак непрытомным. Увечары 12 лістапада 2020 года Раман памёр у рэанімацыі ад траўм, несумяшчальных з жыццём.

Сёння, у другія ўгодкі смерці Рамана, беларусы замежжа збіраюцца, каб ушанаваць яго памяць і ўсіх загінуўшых ад рэжыму. Унутры краіны рабіць гэта небяспечна.

Справа аб забойстве Рамана была ўзбуджаная толькі праз тры месяцы, але неўзабаве Генеральная пракуратура закрыла яе з фармулёўкай аб немагчымасці ўсталяваць датычных да смерці. Хаця журналісты з вялікай доляй верагоднасці ўстанавілі людзей, якія ўвечары 11 лістапада былі на Плошчы Перамен. Зрэшты, менавіта журналістак рэжым пакараў найперш. Кацярына Барысевіч, журналістка TUT.BY, прабыла ў зняволенні шэсць месяцаў за тое, што ўзяла інтэрв’ю ў лекара хуткай дапамогі Арцёма Сарокіна, які абверг інфармацыю Генпракуратуры аб тым, што Раман нібыта быў п’яны.

Забойства Рамана Бандарэнкі выклікала хвалю абурэння ў беларускім грамадстве. Акцыі памяці прайшлі па ўсёй краіне, а на месцы трагедыі, Плошчы Перамен, узнік народны мемарыял. Марш памяці загінулых падчас пратэстаў, які адбыўся 15 лістапада 2020 года, жорстка разагналі і затрымалі больш за 1100 чалавек. Праз некалькі гадзін быў разабраны і народны мемарыял памяці Рамана. За прамы эфір з месца падзеяў былі арыштаваныя журналісткі “Белсату” Кацярына Андрэева ​​і Дар’я Чульцова. Дар’я нядаўна выйшла на волю, цалкам адбыўшы тэрмін у два гады, а Кацярыне прад’явілі новыя абвінавачанні і асудзілі на восем гадоў пазбаўлення волі.

З 31 жніўня 2022 года ў зняволенні знаходзіцца праваслаўны святар Уладзіслаў Багамольнікаў, які служыў паніхіду па забітаму Раману Бандарэнку і аб’яўляў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка.

Back to top button