Беларускую асацыяцыю журналістаў хочуць ліквідаваць

Мінюст Беларусі падаў пазоў аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ). Пазоў пададзены праз тое, што асацыяцыя не здала ў час справаздачу аб ліквідацыі выяўленых раней парушэнняў. У БАЖ заявілі, што патрабаванні уладаў невыканальныя, паколькі пасля ператрусу 14 ліпеня 2021 года ў арганізацыі няма доступу да дакументаў. Офіс БАЖ апячатаны, а пісьмовае папярэджанне Мінюста, як раней паведамляла асацыяцыя, было адпраўлена з затрымкай.

“Усё відавочна. Мінюст нават не спрабуе хаця б выканаць фармальнасці. Зачыстка, так. Але я ўвесь час кажу: Сёння права нас не абараняе, сёння мы абараняем права. Таму, нягледзячы на відавочнасць сітуацыі і, здавалася б, яе безнадзейнасць, мы будзем прававымі метадамі абараняць БАЖ і права. У тым ліку ў судзе», – пракаментаваў сітуацыю кіраўнік БАЖ Андрэй Бастунец.

Сёння ў БАЖ налічваецца больш за 1200 сябраў, якія працуюць у розных перыядычных выданнях, на радыё і тэлебачанні, у выдавецкіх кампаніях. Некаторыя сябры арганізацыі з’яўляюцца супрацоўнікамі дзяржаўных СМІ. Гэта ўплывовая і паважаная арганізацыя, прызнаная міжнароднай прафесійнай супольнасцю.

За апошнія дні, па дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў, сілавікі правялі 66 ператрусаў у СМІ і ў журналістаў. Працягваецца ціск на затрыманых журналістаў.

Так, суд Партызанскага раёна Мінска адмовіўся адпусціць журналіста «Белсата» Ігара Ільяша.

Да журналісткі «Радыё Свабода» Іны Студзінскай, затрыманай 16 ліпеня, не пускаюць адваката. Журналістка абвясціла галадоўку.

Увечары 21 ліпеня стала вядома, што следчы камітэтпераводзіць у СІЗА на Валадарскага галоўнага рэдактара выдання «Наша Ніва» Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэя Скурко. Марціновіч і Скурко знаходзяцца пад вартай з 8 ліпеня. У Скурко – дыябет, адвакат кажа, што за апошнія дні ён моцна схуднеў. Марціновіч пры затрыманьні быў зьбіты, у СК яму выклікалі хуткую дапамогу, у яго траўма галавы.

Back to top button