British American Tobacco не будзе супрацоўнічаць з фабрыкай «Нёман»

British American Tobacco (BAT) прыпыніла супрацоўніцтва з гродзенскай тытунёвай фабрыкай «Нёман» з-за уведзеных санкцый ЗША і Вялікабрытаніі. Пад санкцыі фабрыка трапіла за тое, што яна прама ці ўскосна належыць або кантралюецца рэжымам Лукашэнкі. У тлумачэнні да санкцыйнага спісу ЗША гаворыцца, што цыгарэты тытунёвай фабрыкі «Нёман» з’яўляюцца адным з найбольш распаўсюджаных кантрабандных тавараў у ЕС. Напрыклад, у Літве 88% кантрабандных цыгарэт – з Беларусі.

У сваім прэс-рэлізе BAT патлумачыла, што ў 2021 годзе атрымала запыты аб працы кампаніі ў Беларусі ў святле апошніх палітычных падзей.

«Пытанні ўзніклі да гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман», якая вырабляе цыгарэты па кантракце для British American Tobacco Belarus. Яны тычыліся падазрэнняў у парушэнні правоў працоўных фабрыкі, якія прымалі ўдзел у палітычных пратэстах, а таксама ў кантрабандным гандлі цыгарэтамі», – паведамляецца ў дакуменце.

Брытанскае выданне iNews адзначае, што фабрыка «Нёман» у Беларусі мае амаль манаполію, на кампанію прыходзіцца 70% продажаў тытунёвых вырабаў. Раней «Нёман» выпускаў для British American Tobacco цыгарэты марак Kent, Pall Mall, Lucky Strike, Vogue, Rothmans.

Back to top button