Апошняе слова Марфы Рабковай у судзе

Палітзняволенай каардынатарцы Валанцёрскай службы праваабарончага цэнтру «Вясна» Марфе Рабковай прысудзілі 15 гадоў калоніі і штраф амаль 9 000 долараў.

Прайшло ўжо два гады, як 27-гадовую дзяўчыну ўтрымліваюць за кратамі ў СІЗА. За гэты час у яе памерлі бацька і бабуля, пачаліся моцныя праблемы са здароўем. Марфа Рабкова — палітзняволеная, якой вынесены самы жорсткі прысуд па «палітычнай справе» сярод жанчын і праваабаронцаў у Беларусі. Яе прамова так і засталася за дзвярыма закрытага суда. Таму цяпер калегі, сябры і паплечнікі з “Вясны” зачытваюць апошняе слова Марфы, каб яе голас гучна і цвёрда прагучаў на ўвесь свет. Мы, у сваю чаргу, дзелімся найболей праніклівымі радкамі гэтай адважнай дзяўчыны:

Мы жывём у эпоху перакручаных ісцін: дабро караецца, зло праслаўляецца, паняцце свабоды звужаецца да межаў уласнай свядомасці. Думказлачынства цяпер існуе не дзесьці ў антыўтопіях, а квітнее ў беларускай рэчаіснасці.

Колькі трэба адвагі, каб не рабіць дрэннага? Колькі трэба мужнасці, каб у межах сваёй сферы ўплыву дзейнічаць паводле агульначалавечых канонаў? Што трэба для таго, каб спыніць ланцуг распачатага зла? З чым мы ўсе застанемся, калі ўсё скончыцца? Што мы будзем казаць сваім дзецям і ўнукам? Што вы пакінеце пасля сябе ў гэтым свеце?

Я не прызнаю віну ні па адным прад’яўленым абвінавачанні. Лічу іх цалкам сфабрыкаванымі, абсурднымі, выдуманымі супрацоўнікамі ГУБАЗіКу. Я таксама не лічу вінаватымі тысячы людзей, якія пакутуюць у турмах нашай краіны. Кожны чалавек мае правы, кожны чалавек з’яўляецца асобай, кожнае меркаванне павінна паважацца, а жыццё і свабода з’яўляюцца найвышэйшымі і абсалютнымі каштоўнасцямі. Беларускі народ заслугоўвае годнага ўзроўню жыцця, паважлівага стаўлення да сябе, захавання правоў кожнага чальца грамадства і дзяржавы, якая будзе працаваць дзеля народа, а не насуперак яму.

Я бачыла столькі добрых і светлых твараў, я бачыла столькі сапраўдных людзей, што ўпэўненая – мы абавязкова ўсё пераадолеем, па-іншаму проста быць не можа. Штораз, калі мы дапамагаем адно аднаму, клапоцімся, працягваем руку ўзаемадапамогі, выказваем салідарнасць, калі наша сэрца не глухое да чужога болю – мы набліжаем надыход нашай будучыні, нашай Беларусі. Не адчайвайцеся і верце ў сябе, у свае сілы! Праўда на нашым баку!

Жыве Беларусь і Слава Україні!
Марфа Рабкова. Жнівень 2022

Back to top button