Наталля Хершэ: “Я вельмі хачу прыехаць у Новую Беларусь!”

Праз дзесяць месяцаў пасля вызвалення былая палітзняволеная распавяла “Gazetaby.com”, як не здавалася ў няволі, нягледзячы на жахлівыя ўмовы ўтрымання, як праходзіць рэабілітацыю, і якім будзе яе навагодняе жаданне.

— Мне многія пішуць у сацсетках, адчуваю, што я цікавая людзям, што яны хочуць ведаць пра мяне больш. Пару разоў нават тут, у Швейцарыі, людзі пазнавалі мяне проста на вуліцы ці ў краме, — дзеліцца былая палітзняволеная грамадзянка Беларусі і Швейцарыі Наталля Хершэ.

Сямнаццаць месяцаў яна правяла ў няволі ў Беларусі за сваю грамадзянскую пазіцыю. 18 лютага 2022 года пасля асабістага ўмяшання прэзідэнта Швейцарыі Іньяцыа Касіса Наталля выйшла на волю.

— Нядаўна я была ў санаторыі, праходзіла курс псіхалагічнага лячэння ў адмысловай клініцы для аднаўлення пасля сур’ёзных праблем. Там праходзяць рэабілітацыю і пасля цяжкага ковіду, і пасля анказахворванняў, — расказвае суразмоўніца. — Мне гэтая тэрапія пайшла на карысць.

Асабліва дапамаглі зносіны з людзьмі. Усе расказвалі свае гісторыі, у тым ліку і я. І тое, як шчыра людзі рэагавалі, мяне вельмі падтрымала.

— Некаторыя з тых, хто прайшоў нашы засценкі, гавораць, што самы цяжкі час у пачатку, калі не можаш адаптавацца да ўмоў няволі?

— У самым пачатку мы былі ўсе разам пасля маршу. Бадай, гэта былі цудоўныя дні. Для мяне самымі цяжкімі былі першыя дні карцара. Калі туды трапляеш і ўспамінаеш, колькі тут праводзілі чакай іншыя, думаеш, божа, я столькі не вытрымаю.

Карцар — гэта турма ў турме. Камера — паўтара метра шырынёй, у ёй двое складзеных нараў, у сярэдзіне дзве цэментныя тумбачкі, рукамыйнік і дзірка ў падлозе замест туалета. Высока ў столі акенца з рамай, праз якую дзьме вецер.

Паколькі і дзверы ўсе ў шчылінах, скразняк у камеры жудасны, холадна вельмі, а месца, каб схавацца, няма. Уначы ўвогуле надыходзіць такі холад, што спаць немагчыма. Уцяпліцца ці схавацца не даюць — там няма ні матраца, ні падушкі, з адзення на табе толькі зношаная тонкая роба.

— Вы яшчэ і галадоўку абвяшчалі.

— Некалькі разоў. Галадоўка ў калоніі прайшла найбольш лёгка, бо да таго моманту яна была ўжо трэцяя, чацвёртая была ў Магілёве. Я піла вельмі шмат вадкасці, і змагла нармальна перанесці.

Ці атрымлівалася ў вас нечага дамагчыся галадоўкамі?

— У калоніі — не. Там я галадала супраць таго, што мне не аддавалі карэспандэнцыю, за выключэннем лістоў блізкіх. Той жа начальнік аператыўнага аддзела хлусіў мне проста ў вочы, маўляў, з чаго вы ўзялі, што вам шмат пішуць, усе з’ехалі, вы ўжо нікому не патрэбны. Ёсць у іх такая мэта — пераканаць людзей у тым, што пра іх усё забыліся.

Але я ведала, што людзі памятаюць і пішуць, і гатовы падтрымаць. Я не магла забыць тое пачуццё адзінства, якое мы адчулі ў жніўні і верасні. Яно нікуды не падзелася, я ў гэтым упэўнена.

У апошні час складваецца ўражанне, што з-за падзей ва Украіне еўрапейцы забыліся на беларусаў.

— Я не згодна з тым, што мы выйшлі з парадку дня. Аб’ектыўна, вайна прыцягвае да сябе асноўную ўвагу, але беларусы нікуды не падзеліся, ,бо падзеі ў нашых краінах вельмі ўзаемазвязаныя.

Наш лёс абсалютна залежыць ад Украіны. І калі ў мяне пытаюцца, як Еўропа можа дапамагчы беларускім палітвязням і Беларусі, я кажу адназначна — дапамажыце Украіне.

Калі Украіна выйграе гэтую вайну, дакладней, яна яе абавязкова выйграе, гэта пацягне за сабой падзенне абодвух рэжымаў — і ў Расіі, і ў Беларусі.

— Якое жаданне вы загадаеце на Новы год?

— Жаданне ў мяне адно, але ў ім тры складнікі — заканчэнне вайны, вызваленне палітвязняў у Беларусі і падзенне дыктатуры. А яшчэ я вельмі хачу прыехаць у Новую Беларусь!

Back to top button