У дзяржаўнай газеце каталіцкіх святароў намалявалі са свастыкай

Дзяржаўная газета «Мінская праўда» ад 7 верасня 2021 года змясціла на галоўную старонку карыкатуру на каталіцкіх святароў. Адзін са святароў трымае ў руках бел-чырвона-белы сцяг і спявае гімн «Магутны Божа», а замест хрысціянскага крыжа мае нацысцкую свастыку. У тэксце гімн называецца калабарацыянісцкім. Святары намаляваныя на фоне скажонай рэплікі іконы Росіцкіх пакутнікаў – святароў, якія падчас Другой сусветнай вайны разам са сваімі прыхаджанамі мужна прынялі смерць ад рук нацысцкіх карнікаў.

Беларускі каталіцкі епіскапат расцаніў публікацыю ў «Мінскай праўдзе» як «распальванне варожасці ў беларускім грамадстве ў адносінах да Рымска-Каталіцкай Царквы ў Беларусі». «Дадзеная публікацыя глыбока абражае рэлігійныя пачуцці вернікаў Касцёла. Карыкатура, на якой крыж ператвараецца ў свастыку, а таксама свастыка, намаляваная замест крыжа, абражае не толькі святароў, але ў першую чаргу апаганьвае Крыж Хрыста Збавіцеля, які на ім аддаў жыццё дзеля выратавання людзей. На думку каталіцкіх біскупаў Беларусі, дадзеная публікацыя наносіць маральную шкоду ўсім хрысціянам розных канфесій. Публікацыя таксама ўскосна абвінавачвае ўсё каталіцкае духавенства ў меркаванай прыхільнасці фашызму і нацызму, што з’яўляецца свядомым і зламысным скажэннем праўды, паклёпам і абразай», – выказаў афіцыйную пазіцыю Беларускага каталіцкага епіскапату старшыня Камісіі па каталіцкай асвеце і катэхізацыі біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Біскупы Рымска-Каталіцкай Царквы ў Беларусі спадзяюцца, што адпаведныя органы дзяржаўнай улады дадуць належную прававую ацэнку дадзенай карыкатуры і публікацыі.

«Хрысціянская візія» заклікала Ватыкан звярнуць увагу на факты распальвання варожасці супраць Рымска-Каталіцкай Царквы ў Беларусі з боку дзяржаўных СМІ і «адэкватна адрэагаваць на такія факты ў абарону міжканфесійнага міру, рымска-каталіцкай супольнасці, а таксама правоў і свабод вернікаў».

Пасля пачатку мірных пратэстаў у жніўні 2020 года шэраг каталіцкіх святароў, у тым ліку былы кіраўнік Касцёла ў Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, айцец Вячаслаў Барок і шэраг іншых святароў асудзілі гвалт дзяржавы над грамадзянамі і заклікалі пакласці канец рэпрэсіям. Кандрусевіча некаторы час не пускалі ў Беларусь, а Барок быў вымушаны пакінуць краіну з-за пагрозы арышту.

Улады таксама пераследавалі асобных праваслаўных святароў, якія выступалі супраць гвалту. Так, сёння прайшоў ператрус у святара мінскага храма іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» Дыянісія Карасцялёва.

Ціск адбываецца і на пратэстанцкую царкву. Беларускія сілавікі адабралі ў абшчыны пратэстантаў «Новае жыццё» будынак, які вернікі пабудавалі на свае ахвяраванні. Пасля выбараў 2020 года пастар гэтай царквы Вячаслаў Ганчарэнка асудзіў гвалт сілавікоў на беларускіх вуліцах і заклікаў улады пакаяцца.

Back to top button