Clooney Foundation for Justice назваў суд над Віктарам Бабарыкам несправядлівым

Праваабарончая арганізацыя «Фонд Клуні за справядлівасць» (Clooney Foundation for Justice) апублікавала справаздачу аб судовым працэсе па справе палітвязня Віктара Бабарыкі, асноўнага апанента Лукашэнкі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Па выніках назірання за працэсам з залы паседжання прадстаўнікі фонду заявілі пра шэраг сур’ёзных прававых парушэнняў.

У прыватнасці, В. Бабарыку неаднаразова адмаўлялі ў доступе да адваката. Яго абаронцы спазналі дысцыплінарныя санкцыі і ўціск. У абвінавачанні не паведамлялася, у якіх канкрэтных дзеяннях выявіліся інкрымінаваныя яму злачынствы. Прынцып прэзумпцыі невінаватасці парушаўся на ўсіх этапах судовага разбору. Акрамя гэтага, суд адмовіўся выслухаць некалькіх сведкаў абароны. На аснове сваіх назіранняў праваабарончы фонд, заснаваны акторам Джорджам Клуні, прыйшоў да высновы, што вынік судовага працэсу быў прадвызначаны.

Нагадаем, што Віктара Бабарыку арыштавалі 18 чэрвеня 2020 года, калі ён ехаў у ЦВК здаваць больш за 400 тысяч подпісаў за вылучэнне яго кандыдатам у прэзідэнты. Больш чым праз год пасля таго Вярхоўны суд прысудзіў В. Бабарыку 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і пастанавіў спагнаць з яго 47,7 млн. рублёў (больш за 16 млн. еўра). Ён быў асуджаны паводле эканамічных артыкулаў – адмыванне грошай і атрыманне хабару. Віну ён не прызнаў і адмовіўся даваць паказанні. Amnesty International прызнала Віктара Бабрыку вязнем сумлення.

Back to top button