Беларускія палітзняволеныя ў 2022 годзе

Рэпрэсіўная машына таталітарнага рэжыму ў Беларусі не змяншае сваіх абаротаў. У 2022 годзе працягваліся затрыманні і катаванні па палітычных матывах, заводзілі новыя крымінальныя справы, палітычных зняволеных стала больш. “Вясна” прыводзіць статыстыку па палітвязнях за 2022 год.

На канец 2022 года ў Беларусі налічвалася 1446 палітвязняў. Цягам мінулага году праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітычнымі зняволенымі 889 чалавек. Большасць палітвязняў — мужчыны, іх 1284 чалавек. 162 жанчыны-палітвязынкі знаходзілася за кратамі на канец года.

У 2022 годзе ў Беларусі 1242 чалавекі асуджаныя па палітычных крымінальных справах. Сярод іх 942 мужчыны і 300 жанчын.

Паводле звестак праваабаронцаў, палітзняволеныя адбывалі пакаранне ў наступных месцах: 532 чалавекі ў калоніях, 258 чалавек на “хіміі”, 6 чалавек у выхаваўчай калоніі, 38 чалавек у турме, 2 чалавекі пад хатнім арыштам. Месцазнаходжанне сама меней 145 чалавек праваабаронцам не вядома.

Сумарная колькасць гадоў, на якую былі асуджаныя палітвязні ў 2022 годзе: абмежаванне волі – 2501 гадоў і 3 месяцы, “хімія” – 452 гады і 2 месяцы, “хатняя хімія” – 893 гады і 6 месяцаў, арышт – 5 гадоў і 7 месяцаў.

70 чалавек былі асуджаныя на 10 і больш гадоў пазбаўлення волі. Найбольшы тэрмін – 25 гадоў – атрымаў Мікалай Аўтуховіч.

На канец 2022 года былі асуджаныя 15 шлюбных пар.

Сярод зняволеных на 2022 год было 108 дзеячаў культуры, 32 прадстаўнікі медыя, 6 адвакатаў і 6 праваабаронцаў “Вясны”. Сярод апошніх – лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі, якога пачалі судзіць у 2023 годзе.

Сярод палітвязняў не менш за 25 пенсіянераў і пенсіянерак, самай старэйшай з якіх 74 гады. У зняволенні знаходзяцца 74 чалавекі з інваліднасцю або цяжкімі захворваннямі.

КДБ унёс у так званы спіс “тэрарыстаў” прынамсі 148 палітвязняў.

Цалкам адбылі пакаранне і выйшлі на волю 253 палітвязняў.

Back to top button