“Мы ўсё разумеем, у вас загінуў брат, але трэба адсядзець”

У Беларусі сістэматычна затрымліваюць сваякоў байцоў, якія ваююць ва Узброеных сілах Украіны. Сяргей Бандарэнка пасля збіцця на допыце апынуўся ў шпіталі, адкуль яму ўдалося збегчы з краіны.

Стрыечны брат Васіля “Сябро” Парфянкова, які загінуў у баі за Украіну, Сяргей Бандарэнка распавёў у інтэрв’ю “Белсату”, як рэжым Лукашэнкі пераследуе сваякоў беларускіх добраахвотнікаў.

Васіль “Сябро” Парфянкоў загінуў у баях пад Лісічанскам 26 чэрвеня – тады ж загінуў камандзір батальёна “Волат” і яшчэ прынамсі два байцы. Пасля навін пра смерць Васіля сілавікі затрымалі Сяргея першы раз, на 15 содняў. Затрымлівалі таксама сястру і маці Васіля, калі ён быў яшчэ жывы, пасадзілі на 10 содняў арышту, маці прымусілі запісаць відэазварот, у якім яна асуджала дзейнасць сына. Паводле слоў Сяргея Бандарэнкі, сілавікі прыходзілі да многіх сваякоў воінаў палка Каліноўскага, не толькі да блізкіх Парфянкова.

4 ліпеня Сяргей Бандарэнка даведаўся, што Васіль Парфянкоў хутчэй за ўсё загінуў, але тады захоўвалася яшчэ верагоднасць, што ён мог патрапіць у палон. Праз два дні аказалася, што ўсё ж загінуў. Пра гэта Сяргей даведаўся ад беларускага актывіста, знаёмага з ваярамі. Сяргей дамовіўся з актывістам зайсці да яго дадому, распытаць пра лёс Васіля, але пад домам актывіста яго затрымалі прадстаўнікі сілавых структур і адвезлі ў пастарунак. Сілавікі прагледзелі ягоны тэлефон, але крымінальнай справай не пагражалі, узгадвае Бандарэнка:

Ёсць такое ўражанне, што яны самі хацелі, каб гэта хутчэй скончылася, каб полк Каліноўскага прыйшоў і вызваліў Беларусь. Я бачыў у іх вачах спачуванне. Яны мне казалі, даслоўна: мы ўсё разумеем, у вас загінуў брат, але трэба адсядзець.

Сяргея асудзілі нібыта за “дробнае хуліганства” на 15 содняў арышту, якія ён правёў у нечалавечых умовах: ні коўдраў, ні падушак, ні матрацаў, спаць даводзілася ці на падлозе, ці на металічных нарах.

Пазней Бандарэнку затрымалі ў другі раз, правялі ператрус. У будынку ГУБАЗіку яго клалі галавой у падлогу і не давалі глядзець па баках, але калі паспяваў агледзецца, бачыў на сценах расійскія сцягі. Пасля допыту і збіцця яго адвезлі, як казалі самі байцы ГУБАЗіК, у “звычайную міліцыю”. Па дарозе знайшлі ў ягоным тэлефоне рэпосты фільма пра Васіля і падпіскі на “экстрэмісцкія” каналы: пагражалі, што за такое яго пасадзяць надоўга.

У міліцыі Сяргей павінен быў распрануцца, а ён з цяжкасцю нават мог зняць кашулю. Міліцыянты гэта заўважылі, адзін спытаў, ці моцна білі, і выклікаў “хуткую”. У лякарню Бандарэнку павезлі ў кайданках, чалавек з аўтаматам суправаджаў яго нават у туалеце.

Урачы ўсё разумелі, што адбылося. Пыталі мяне: білі, не білі? Я вачыма на гэтага старшага лейтэнанта кашуся, каб урачы разумелі, што я не магу праўду сказаць. Паўтараю: я падаў, я падаў.

Сяргей вырашыў, што яшчэ адзін арышт не перажыве. Яго пакінулі ў шпіталі на тры дні, але на наступную раніцу ён уцёк да сябра і напісаў у фонд BYSOL. У выніку ён здолеў уцячы праз Расію ў Польшчу. Цяпер ён знаходзіцца ў лагеры для ўцекачоў і да гэтага часу не ведае, хто менавіта дапамог яму ўцячы.

Back to top button