Расейцы, беларусы і ўкраінцы – гэта адзін народ?

Беларускі журналіст, гісторык і літаратар Сяргей Абламейка апублікаваў адкрыты ліст да вядомага аўтара гістарычнай прозы Барыса Акуніна ў сувязі з яго выказваннем пра тое, што расейцы, беларусы і ўкраінцы – гэта быццам бы адзін народ. Такую заяву рускамоўны пісьменнік, які нарадзіўся ў Грузіі, зрабіў у інтэрв’ю папулярнаму ютуберу Юрыю Дудзю. 

Агучанае Акуніным уражанне, што «мы [расейцы, беларусы, украінцы] усе былі аднолькавымі… і падобныя вельмі адзін да аднаго», падзяляе шмат людзей не толькі ў Расеі, але і на Захадзе, таму лічым неабходным сцісла прывесці тут асноўнае з ліста С. Абламейкі.

Міф пра трыадзіны рускі народ прыдумала расейская гістарычная навука, якая займаецца ідэалагічным абслугоўваннем улады, ігнаруючы тэарэтычную базу і метадалогію, якімі павінна кіравацца такая дакладная навука, як гісторыя.

Тэзіс пра тое, што некалі існавала адзіная «руская» мова, якая пасля распалася на тры ўсходнеславянскія мовы, абвергнуў класік славянскай лінгвістыкі з Гарвардзкага ўніверсітэту Юрый Шавялёў яшчэ ў 50-я гады ХХ стагоддзя, які давёў, што ва ўсходніх славян ніколі не існавала адзінага этнас, і што іх мовы заўсёды былі дыфэрэнцыраванымі. Так, фаналагічныя асаблівасці беларускай і ўкраінскай моваў сфармаваліся яшчэ ў VIIІ стагоддзі, задоўга да ўзнікнення папярэдніка сучаснай расейскай мовы.

Існуе вялікая блытаніна вакол словаў Русь і рускі, і яе выкарыстоўваюць складальнікі міфаў, на якіх будуецца расейская гістарычная свядомасць. У XIV–XVI стагоддзях словам «рускі» беларусы называлі сваю мову, якая сённяшнім навукоўцам вядомая як старабеларуская. На гэтай мове была надрукаваная ў 1517 годзе беларуская Біблія і на працягу XVI стагоддзя былі выдадзеныя тры Статуты Вялікага Княства Літоўскага — першыя ў Еўропе зборы канстытуцыйных законаў. У межах ВКЛ у XIV–XVI стагоддзях сфармаваліся беларуская і ўкраінская ідэнтычнасць.

«Руская» мова, якая была дзяржаўнай у ВКЛ, не мае дачынення да «расейскай» мовы Маскоўскага царства, як не мелі дачынення продкі расейцаў да Грунвальдскай бітвы 1410 года: «рускія» палкі, што ў ёй удзельнічалі, гэта быў не хто іншы, як беларускія і ўкраінскія фармаванні, якія мелі сваю культуру, сцягі і рыцарскія традыцыі. 

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе, калі ўсходняя частка Беларусі была захоплена Расейскай імперыяй, пачалося знішчэнне беларускай уніяцкай царквы, да якой належала 80% насельніцтва і якая паслугоўвалася беларускай мовай. Гэта азначала масавыя расстрэлы сялян, якія не хацелі ісці ў праваслаўе, збіццё розгамі да смерці і гэтак далей. Наступныя 100 гадоў рэпрэсіі практычна не спыняліся. 

На пачатку ХІХ стагоддзя ў беларусаў і ўкраінцаў нарадзіліся свае нацыянальныя рухі. Але расейская гістарычная навука не бачыць нацыянальнай эвалюцыі ў жыхароў ВКЛ ў ХІХ стагоддзі. Яна там бачыць «польскую інтрыгу». Пасля было паўстанне 1863–1864 гадоў, якое ў Расеі называюць польскім, хаця яго лідэр Кастусь Каліноўскі, стварыўшы часовы ўрад Літвы і Беларусі, выдаваў дзяржаўныя дакументы на беларускай мове. Паўстанне было задушана, Каліноўскі і тузіны яго паплечнікаў пакараныя смерцю, сотні актыўных беларусаў высланыя ў Сібір. Рэпрэсіі і высылкі працягваліся і ў 1870-я, і ў 1880-я гады. Паралельна з імі ішло засяленне Беларусі прыезджымі з Расеі чыноўнікамі ўсіх узроўняў, настаўнікамі, паліцыянтамі, вайскоўцамі і святарамі. 

Падобныя працэсы ў ХІХ і пачатку ХХ стагоддзя адбываліся і ва Украіне. Але сучасныя расейскія ідэолагі поўнасцю ігнаруюць гэтыя факты, як яны ігнаруюць і мадэрны феномен нацый, робячы фатальную навуковую і палітычную памылку.

Створаныя пасля першай сусветнай вайны Беларуская і Украінская Народныя Рэспублікі прайгралі свае войны за незалежнасць бальшавіцкай Расеі, якая працягнула пачатыя за царамі рэпрэсіі супраць беларусаў і ўкраінцаў.

Толькі ў 1921 годзе рэпрэсавана да 1500 беларускіх «нацыяналістаў». Падчас перыяду беларусізацыі (1923–1929) ў БССР, калі беларуская мова вярнулася ў школы і ВНУ, рэпрэсіі і высылкі працягваліся, а з 1930 году набылі масавы характар і не спыняліся да пачатку вайны. Амаль усе сябры Саюзу пісьменнікаў былі высланыя, большасць з іх — расстраляная; такі ж лёс напаткаў тысячы навукоўцаў, настаўнікаў, журналістаў, чыноўнікаў.

Калі пачалася другая сусветная вайна і ў Менск прыехалі беларускія дзеячы-эмігранты, людзі на вуліцах шарахаліся, пачуўшы беларускую мову. Пасля рэпрэсій 30-х гадоў людзі баяліся вымавіць слова па-беларуску. Немцы гэта скарысталі. У Беларусі адкрылі больш за 3500 беларускіх школ і дазволілі ствараць беларускія арганізацыі, друкаваць газеты, адчыняць школы і ВНУ. А савецкія партызаны на загад Масквы палілі беларускія школы і забівалі настаўнікаў. Пасля вайны зноў былі высылкі, высылкі, высылкі… Толькі ў 1945–1950 гадах з Беларусі ўглыб СССР было вывезена каля 1 мільёну маладзёнаў.

Страты беларускай культуры ад знаходжання ў Расейскай імперыі і ў СССР велізарныя: у XVIII–XIX стагоддзях у Расею вывезеныя шматлікія мастацкія калекцыі і бібліятэкі, спаленая неверагодная колькасць жывапісу, скульптуры і старадрукаваных кніг; у 1920–1930 гады палілі творы беларускіх паэтаў, пісьменнікаў і кампазытараў. У 1920–50 гады знішчалі архіўныя дакумэнты. Разбураныя падчас другой сусветнай вайны гістарычныя цэнтры Кіева і Менска не былі адбудаваныя, а вось аднаўленне 15 старажытных расейскіх гарадоў было адмыслова ўхваленае пастановай савецкага ўраду ўжо ў лістападзе 1945 года. 

Выдатны французскі гісторык Ален Безансон пісаў: «Советская власть начала наступление на украинский язык… Ей удалось русифицировать Kiev, Kharkov (свидетельством этого является то, что я подаю российское написание этих имен собственных) и другие крупные города – как путем иммиграции россиян в Украину, так и принуждением украинцев употреблять только русский язык в научной, научно-технической деятельности, в различных публичных сферах жизни». 

Калі замяніць слова «украинский» на «беларусский», атрымаецца дакладнае апісанне таго, што Расея зрабіла з мовай беларускай. У 60-я гады ХХ стагоддзя ў гарадах Беларусі не засталося беларускіх школ і ВНУ — гарады сталі расейскамоўнымі. І так мы зрабіліся «в общем, похожи сильно друг на друга».

Нашы народы ніколі з такім станам рэчаў не згаджаліся. Рух у абарону беларускай і ўкраінскай моваў і, адпаведна, рэпрэсіі за гэта не спыняліся ў СССР. Толькі тады ўкраінскамоўных украінцаў і беларускамоўных беларусаў называлі нацыяналістамі, а цяпер называюць «нацыстамі».

Расейцы думаюць, што калі ў Кіеве і Менску людзі размаўляюць па-расейску, то «мы — адзін народ». Яны не хочуць ведаць, што рускамоўнасць украінцаў і беларусаў — гэта не сведчанне іх рускасці, а вынік шматвекавых рэпрэсій і палітыкі нацыянальнага ўдушэння Беларусі і Украіны. І гэта пазбаўляе Расею шанцаў на ачышчэнне праз пакаянне і на гістарычную пэрспэктыву. 

Нягледзячы на тое, што больш за два стагоддзі беларуская мова мэтанакіравана знішчалася і сёння, паводле класіфікацыі ААН, знаходзіцца пад пагрозай знікнення, яна жыве як сведчанне вялікай таямніцы і сілы нацыянальнага ў чалавеку. 

Сёння казаць пра «адзін народ» — значыць не толькі ігнараваць гістарычныя факты, але і падтрымліваць дзікую бойню, якую развязала Расея ў Еўропе. З ідэяў пра «трыадзіны рускі народ» пачынаецца расейскі імперыялізм. Калі вайна скончыцца і Расея адмовіцца ад імперскіх прэтэнзій на Беларусь і Украіну, ёй варта сканцэнтравацца на ўнутраных праблемах і на ўласным нацыянальным развіцці. А расейскім інтэлектуалам належыць паспрыяць таму, каб у пасляваеннай Расеі была ўведзеная крымінальная адказнасць за адмаўленне існавання ўкраінскай і беларускай нацый. Бо менавіта з такіх ідэяў пачынаецца расейскі фашызм.

Back to top button