У ліпені больш за сто чалавек асуджаныя па палітычных справах

Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», за мінулы ліпень па «пратэстных» крымінальных артыкулах у Беларусі асуджана не менш за 107 чалавек. Больш за 80% асуджаных – мужчыны, 18,69% складаюць жанчыны. Сярод асуджаных трое непаўналетніх. Колькасць палітвязняў бесперапынна расце: на 2 жніўня гэта 605 чалавек.

Сёння адбылося некалькі судоў па «палітычных» справах.

Святаслаў Удот, 53-гадовы анестэзіёлаг-рэаніматолаг, які прапрацаваў у дзяржаўнай сістэме аховы здароўя 24 гады, асуджаны на два гады калоніі.

У канцы красавіка яго затрымалі за расклейку налепак на аўтобусным прыпынку і арыштавалі на 15 содняў. Неўзабаве ў дачыненні да лекара была ўзбуджаная крымінальная справа па абвінавачванні ў падпале чатырох кіёскаў па продажы цыгарэт і пабітым акне ў адным з іх. Кіёскі па продажы цыгарэт «Табакерка» належаць «гаманцу» Лукашэнкі, алігарху Алексіну, які трапіў пад санкцыі.

Паўтара года турмы атрымаў журналіст рэгіянальнага сайта «Першы рэгіён» Сяргей Гардзіевіч: суд прызнаў яго вінаватым у абразе Лукашэнкі.

Back to top button