У беларускіх турмах палітвязням адмаўляюць у медыцынскай дапамозе

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які знаходзіцца ў СІЗА КДБ, мае патрэбу ў тэрміновай шпіталізацыі. У суботу 24 ліпеня яму выклікалі ў СІЗА хуткую дапамогу. А да гэтага Кастусёў праходзіў абследаванне і курс тэрапіі ў турэмным шпіталі. Туды яго даставілі ў пільным парадку з дыхавіцай, ацёкамі канечнасцей, праблемамі з сэрцам і ціскам, зблытанай свядомасцю. Яго стан быў выкліканы невыноснай спякотай, вільготнасцю і дрэннай вентыляцыяй у цэлі СІЗА.

Родныя палітыка неаднаразова хадайнічалі аб замене меры стрымання хатнім арыштам і аб шпіталізацыі.

Рыгора Кастусёва затрымалі ў красавіку гэтага года па справе аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады (ч. 1 арт. 357 КК).

Палітзняволеная праваабаронца «Вясны» Марфа Рабкова страціла прытомнасць падчас шпацыру. Яе артэрыяльны ціск складаў 80/60 мм. рт. сл. Цяпер яна знаходзіцца на пасцельным рэжыме ў сваёй цэлі і адчувае вялікую слабасць.

«Вясне» стала вядома таксама, што на працягу двух месяцаў Марфа Рабкова мае патрэбу ў стаматалагічнай дапамозе. Марфа пісала заяву на гэты конт, але Следчы камітэт (а менавіта ён прымае такое рашэнне) ёй адмовіў.

Кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу выдання «Наша Ніва» палітвязень Андрэй Скурко дастаўлены ў медсанчастку Валадаркі са «структурнымі зменамі ў лёгкіх». У Андрэя падазраюць кавід, яго суседзяў па цэлі адправілі на каранцін.

Паводле журналіста Алега Груздзіловіча, які знаходзіўся з ім у адной цэлі, Андрэй пачаў кашляць 18 ліпеня, у яго паднялася тэмпература, яму давалі парацэтамол.

Скурко хварэе на інсуліназалежны дыябет. Ён правёў 13 дзён на Акрэсціна без матраца, ложка, пры кругласутачна ўключаным святле, без дыябетычнай дыеты і перадач. Кавід смяротна небяспечны для дыябетыкаў.

Тым часам яшчэ 6 чалавек у Беларусі былі прызнаныя палітвязнямі. Усяго ў Беларусі 586 палітвязняў.

Back to top button