Святлана Ціханоўская атрымае Міжнародную прэмію міру Тыперэры 2022 года

Штогод Міжнародная прэмія міру Тыперэры ўручаецца грамадскім дзеячам, якія ўнеслі асаблівы ўклад у справу міру. У гэтым годзе прэмія будзе ўручана Ціханоўскай у знак прызнання яе намаганняў па прасоўванні дэмакратыі і ў падтрымку права на самавыяўленне, асацыяцыі і сходы ў Беларусі. Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца ў траўні.

Сярод іншых вядомых грамадскіх дзеячаў, якія раней атрымлівалі ўзнагароду за ўклад у справу міру, — былы прэзідэнт ПАР Нэльсан Мандэла, былы генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун і былы прэзідэнт ЗША Біл Клінтан. Марцін Куін, ганаровы сакратар Міжнароднай мірнай канвенцыі Тыперэры, пракаментаваў рашэнне ў гэтым годзе:

“Катаванні і жорсткае абыходжанне з мужчынамі, жанчынамі і дзецьмі ў Беларусі, а таксама сістэма несправядлівых і закрытых судовых працэсаў і зняволенне тых, хто выступае супраць рэжыму, пра што гаворыць спадарыня Ціханоўская, падкрэсліваюць жорсткасць рэжыму Лукашэнкі і яго рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў”.

Ціханоўская, завочна “асуджаная” беларускім “судом” на 15 гадоў пазбаўлення волі, адзначыла, што ўзнагарода з’яўляецца “неверагоднай падтрымкай дэмакратычнага руху ў Беларусі і сотняў тысяч актывістаў, якія супрацьстаяць тыраніі на месцах. Гэта дае надзею тысячам палітвязняў, якія пакутуюць у беларускіх турмах за сваю праўду, за сваю прагу да свабоды і прыхільнасць да дэмакратычных каштоўнасцяў”.

Святлана Ціханоўская ў дзяцінстве праводзіла час у Тыппэрэры, калі дабрачынныя арганізацыі дапамагалі жыхарам раёнаў, пацярпелых ад Чарнобыльскай радыяцыі.

Back to top button