Соф’і Сапезе адмовілі ў памілаванні

Палітзняволеная расіянка Соф’я Сапега, асуджаная ў Беларусі на 6 гадоў калоніі, прайшла першы этап памілавання, але ў камісіі па пытаннях памілавання пры Лукашэнку ёй адмовілі. Пра гэта паведаміў Медыязоне яе адвакат Антон Гашынскі.

У каментары Zerkalo.io адвакат адзначыў, што прычыны адмовы “ніхто не тлумачыць”, а таксама распавёў пра планы прасіць адправіць палітзняволеную ў Расію для адбыцця пакарання, бо яна з’яўляецца грамадзянкай гэтай краіны. Там яны будуць дамагацца ўмоўна-датэрміновага вызвалення ці памілавання прэзідэнта.

Соф’ю Сапегу арыштавалі разам з журналістам Раманам Пратасевічам у траўні 2021 года пасля прымусовай пасадкі рэйса Ryanair у Менску, які ляцеў з Афінаў у Вільню. Вялікая колькасць краін, у тым ліку дзяржавы Еўрасаюза, увялі жорсткія санкцыі супраць Беларусі ў сувязі з інцыдэнтам, які быў названы “наўмысным парушэннем усіх міжнародных авіяцыйных правілаў”. Пасля затрымання 24-гадовая студэнтка пагадзілася на супрацоўніцтва са следствам, а таксама напісала прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Back to top button