Палітзняволены філосаф трымае галадоўку шосты дзень

Увечары 3 лютага філосаф і метадолаг, вядомы грамадска-палітычны дзеяч Уладзімір Мацкевіч пачаў галадоўку, патрабуючы змены меры стрымання на не звязаную з пазбаўленнем волі, завяршэння следства па крымінальнай справе супраць яго і прызначэння даты суда.

Уладзімір Мацкевіч утрымліваецца ў СІЗА ўжо паўгода. Як паведаміла «Вясне» ягоная былая жонка, метадолаг і незалежная экспертка ў галіне адукацыі Святлана Мацкевіч, канчатковае абвінавачванне яму да гэтага часу не выставілі, актыўных дзеянняў у сувязі з гэтым не ажыццяўляецца, але тэрмін зняволення пад вартай штораз падоўжваецца. Калі патрабаванні Мацкевіча не будуць выкананыя да заканчэння дзесяці дзён «галадоўкі на вадзе», 14 лютага палітвязень распачне «сухую» галадоўку.

«Дзеянні грамадзянскай супольнасці, СМІ і астатніх у асноўным маюць апісальны, канстатацыйны і спагадны характар… Уладзімір сваёй галадоўкай дае сігнал і кліч, што час змяняць сітуацыю, час перастаць іх [палітвязняў] шкадаваць і пакутаваць. Трэба ісці ў супраціўленне. Трэба пачынаць прабіваць мур», – кажа Святлана.

Мацкевіч быў затрыманы 4 жніўня 2021 года па абвінавачанні ў «арганізацыі/удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Блізкія ўпэўненыя, што яго трымаюць за кратамі за тое, што ён выступаў у публічнай прасторы на палітычныя тэмы.

У падтрымку Уладзіміра Мацкевіча на Change.org запушчана петыцыя, адрасаваная ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт Беларусі.

Back to top button