2022-06-16
Ілюстрацыйная выява. Крыніца: RFERl/Currenttime

Хакерская група «Кіберпартызаны» паведаміла аб атрыманні доступу да тысяч гадзін аўдыёзапісаў з мабільных і стацыянарных тэлефонаў Беларусі. Запісы праслухоўванняў памерам 1,5 тэрабайта захоўваліся на серверах МУС Беларусі і ахопліваюць перыяд са студзеня 2020 па чэрвень 2021 года, сцвярджаюць хакеры. Пра ўзлом сервераў яны паведамлялі яшчэ ў жніўні 2021 года, але яго маштаб стаў вядомы толькі цяпер.

На доказ уцечкі «Кіберпартызаны» апублікавалі ў сваім Тэлеграм-канале запісы званкоў у расійскае пасольства ў Мінску. Гледзячы па ўсім, сакрэтная праслухоўка вялася кругласутачна, пад яе падпадалі ўсе ўваходныя і выходныя званкі абанентаў. Хакеры сцвярджаюць, што праслухоўванне вялося і ў іншых пасольствах і консульствах, размешчаных у Беларусі. Яны адзначаюць, што гэта можа супярэчыць Венскай канвенцыі аб дыпламатычных стасунках 1961 года.

Раней «Кіберпартызаны» рабілі атакі на серверы Беларускай Чыгункі і «Беларуськалія», а таксама ўзламалі базу дадзеных МУС, ДАІ і інфармацыйную сістэму «Пашпарт». Іх дзейнасць пачынае выглядаць як новая мадэль для рэвалюцыйных груп, кажа Габрыэла Коўлман, прафесарка Гарварда і экспертка па хакерскай культуры. «Гэта падобна да традыцыйных формаў сабатажу, але з выкарыстаннем кампутарных метадаў. Тое, што яны робяць, вывела хактывізм на новы ўзровень», — адзначае яна.