Еўрасаюз пагражае Беларусі новымі санкцыямі

Еўрасаюз гатовы разгледзець новыя санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Мінска праз ператрусы і затрыманні ў няўрадавых арганізацыях, якія прайшлі па ўсёй Беларусі 14 ліпеня 2021, заявіў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль.

У заяве таксама гаворыцца, што ЕС працягне падтрымліваць міжнародныя ініцыятывы па забеспячэнні адказнасці, у тым ліку ў рамках Савета ААН па правах чалавека і Міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні вінаватых у рэпрэсіях да адказнасці.

З заявамі з нагоды хвалі ператрусаў у беларускіх праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў выступіла таксама міжнародная арганізацыя Human Rights Watch. Намесніца дырэктара Human Rights Watch ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі Рэйчал Дэнбер паведаміла, што ўчорашнія рэйды і затрыманні мэтанакіравана білі па праваабаронцах, такім чынам улады адкрыта помсцілі за дакументаванне рэпрэсій апошняга часу.

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет лічыць недапушчальнымі такія рэпрэсіі, якія яшчэ раз падкрэсліваюць абуральнае ігнараванне беларускімі ўладамі сваіх абавязкаў па міжнародным праве ў галіне правоў чалавека.

Back to top button