Ціханоўская: «Калі б мы тады перамаглі, прадмесці Кіева не былі б зруйнаваныя»

У другі дзень візіта ў Латвію, 9 чэрвеня, Святлана Ціханоўская выступіла на пленарным пасяджэньні Саэймы. Яе выступ дэпутаты сустрэлі воплескамі стоячы. «Радыё Cвабода» апублікавала асноўныя тэзы выступу.

Святлана Ціханоўская заклікала Латвію дапамагаць пацярпелым ад рэпрэсіяў беларусам і пашырыць праграмы для іх. Яна падзякавала народу Латвіі за падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці і салідарнасць і падкрэсліла, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца: ««У краіну вярнуўся сталінскі тэрор. Верныя савецкім ідэям і Крамлю ўлады закрываюць выдавецтвы, што друкуюць кнігі на беларускай мове. Арыштоўваюць прадпрымальнікаў, такіх як Павал Белавус, якія працуюць у крамах, дзе можна набыць беларускую сымболіку. Людзей, якія выступаюць за эўрапейскую дэмакратычную будучыню асуджаюць на сталінскія тэрміны».

На думку Ціханоўскай, занадта павольная рэакцыя Еўрасаюзу на злачынствы рэжыму Лукашэнкі паспрыяла далейшаму палітычнаму пераследу ў Беларусі і прывяла да трагічных наступстваў ва Украіне: «Калі пачаліся рэпрэсіі, мы крычалі пра дапамогу, але нас амаль не чулі. Толькі праз 10 месяцаў пасля захопу самалёта, Еўрасаюз увёў рэальныя санкцыі. Надта позна. Гэта дазволіла рэжыму перагрупавацца і пайсьці ў контранаступ. Калі б мы тады спынілі Лукашэнку, Беларусь бы не стала плацдармам для Пуціна ў яго нападзе на Украіну. Калі б мы тады перамаглі, прадмесці Кіева не былі б зруйнаваныя, расійскія войскі не разрабавалі б Чарнобыльскую АЭС, а тысячы мірных людзей з Бучы, Барадзянкі і Гастомелю былі б жывыя».

Яна ў чарговы раз абвінаваціла Лукашэнку ў тым, што ён толькі выконвае загады Пуціна, пры гэтым спрабуючы выдаць сябе за ахвяру, і просіць зняць санкцыі. Таксама Ціханоўская ўспомніла дзеянні тэлеграм-каналаў і людзей, якія запавольвалі рух чыгункі ў Беларусі, каб не дазволіць расійскім войскам бесперашкодна трапіць ва Украіну.

Святлана Ціханоўская заклікала Латвію знайсці магчымасць выдаваць беларусам візы і аднавіць выдачу дазволаў на жыхарства, а таксама павялічыць колькасць студэнцкіх стыпендыяў, стварыць праграмы для беларускіх даследчыкаў, навукоўцаў, журналістаў, культурных актывістаў. Акрамя таго, Ціханоўская заклікала дапамагчы беларускім фірмам у рэлакацыі бізнэсу, даць ім доступ да фінансавання і дзяржаўных праграмаў падтрымкі. 

Back to top button