Адвакатку Сяргея Ціханоўскага адхілілі ад працы

Міністэрства юстыцыі адхіліла ад працы адвакатку Наталлю Мацкевіч у сувязі з тым, што ў дачыненні да яе распачатая дысцыплінарная праверка. Наталля Мацкевіч з’яўляецца абаронцай Сяргея Ціханоўскага – палітвязня, блогера, мужа беларускай дэмакратычнай лідэркі Святланы Ціханоўскай. Суд над ім і яшчэ пяццю фігурантамі «справы Ціханоўскага» праходзіць у закрытым рэжыме з 24 чэрвеня ў гомельскім СІЗА.

Наталля Мацкевіч – адна з самых аўтарытэтных беларускіх адвакатак, сябра Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Яна працуе ў адвакатуры з 1994 года, мае ступень магістаркі права па спецыяльнасці «Міжнароднае права». Цяпер абараняе лаўрэатку Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлану Алексіевіч па «справе Каардынацыйнай Рады», старшыню Беларускага Хельсінкскага камітэту Алега Гулака, старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, палітвязня анархіста Мікалая Дзядка. Мацкевіч выступала абаронцай у рэзанансных палітычна матываваных справах: была адвакаткай экс-кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, кіраўніка незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча. Таксама яна прадстаўляла інтарэсы маці зніклага беларускага палітыка Юрыя Захаранкі – Ульяны Захаранкі.

У каментары «Медыязоне» адвакатка распавяла, што дысцыплінарная праверка супраць яе звязана з абаронай Віктара Бабарыкі.

У Беларусі паслядоўна пазбаўляюць ліцэнзій адвакатаў, якія абараняюць інтарэсы удзельнікаў пратэстаў 2020 года. Ад верасня мінулага года ўжо некалькі дзясяткаў знакамітых адвакатаў, якія абаранялі пратэстантаў, удзельнічалі ў палітычна матываваных працэсах ці адкрыта выказвалі сваё меркаванне пра падзеі ў краіне, пазбавіліся ліцэнзій, некаторыя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

Back to top button