“Польскія памежнікі доўга не хацелі нас пускаць”. Як беларусы становяцца падвойнымі ўцекачамі

Аксана Дабрыянец і яе дачка Лера родам з маленькага беларускага горада Столін. У 2021 годзе ім давялося ўцякаць ад рэпрэсій беларускага рэжыму ва Украіну. Ініцыятыва August2020 распавядала гісторыю пераследу дзяўчыны. Пасля пачатку вайны заставацца ва Украіне стала небяспечна, і прыйшлося зноў бегчы ў невядомасць.

Аксана была адзінай у горадзе, хто збіраў подпісы за Святлану Ціханоўскую. У лютым 2021 года ў дом Аксаны прыйшлі сілавікі:

— Ператрус праходзіў пяць гадзін. Дапытвалі, капаліся ў рэчах, забралі гвалтам тэлефон. Але па-сапраўднаму я спалохалася, калі на наступны дзень у хату прыйшла сацыяльная апека. Дачка — самае дарагое, што ў мяне ёсць. Я ўпала ў паніку. Напісала знаёмым і пачала збіраць рэчы. Праз некалькі гадзін мы з дачкой адправіліся ў Мінск. Пакуль ехалі, патрапілі ў падвойную аварыю: занесла ў кювет, а калі выязджалі, у нас урэзалася машына. Дзіўна, але тады гэта не ўспрымалася як нешта страшнае. Відаць, мы былі на нервах, таму пачакалі ДАІ і паехалі далей.

На наступны дзень пасля прыезду ва Украіну Аксане патэлефанаваў адвакат і сказаў, што на яе завялі адміністратыўную справу і павінны былі затрымаць.

У Кіеве я захварэла дэпрэсіяй. Дачцы было крыху прасцей: у яе былі школа і сябры, а я заставалася дома адна. Мы любілі Украіну і вырашылі, што застанемся жыць у Кіеве, пакуль у Беларусі не скончацца рэпрэсіі. Не скажу, што я адчувала сябе супербяспечна, але Ўкраіна была нашай краінай для жыцця: не было моўнага бар’ера, мы лёгка легалізаваліся, не было ніякай дыскрымінацыі.

– Калі пачалася вайна, мы жылі ў Кіеве роўна год. Ва Украіне я займалася журналістыкай, пачала рабіць свой праект пра дзяцінства на эміграцыі, шмат вучылася, ішла ў напрамку сваёй прафесіі. Але ўсё гэта рэзка пасыпалася…

Аксана прыгадвае, што ведала, што вайна пачнецца, бо сачыла за навінамі:

– Усе мае знаёмыя казалі, што Пуцін толькі папалохаць хоча, трэба быць больш спакойным і аптымістычным. Але я разумела, на што здольны расейскі рэжым, таму спрабавала падрыхтавацца. Трывога вакол нарастала. Выбілі з каляіны эвакуацыі ў школе дачкі: адна навучальная, другая з-за ілжывага мінавання.

– Пасля эвакуацый у мяне здарыўся нервовы зрыў. Было вельмі страшна, што эвакуацыя можа адбыцца па-сапраўднаму. Я шмат плакала і перажывала. 23 лютага, калі мы клаліся спаць, я сказала Леры, што заўтра пачну рабіць запасы вады і прадуктаў, і што нам, хутчэй за ўсё, давядзецца спаць у ванне, таму што бамбасховішча далёка. Лера спалохалася і расплакалася.

Раніцай я прачнулася, адкрыла Інстаграм і ўбачыла страшныя навіны:

– Усім знаёмым казала, што калі пачнецца вайна, я не разгублюся, хутка збяруся, сяду на цягнік і з’еду ў бяспечнае месца. Аказалася, што зрабіць гэта проста нерэальна. Я шукала ў інтэрнэце ўсе магчымыя варыянты, спрабавала купіць нейкія квіткі. У выніку знайшла эвакуацыйны рэйс ад Free Belarus Center і вырашыла з’яжджаць з імі. Мы вельмі доўга чакалі аўтобус, які не мог нават пад’ехаць да горада з-за вялізных пробак і ў выніку адмяніў паездку. Муж заснавальніцы Free Belarus Center ехаў у Роўна, у яго ў машыне было тры вольныя месцы, і калектыўным рашэннем з Кіева вырашылі эвакуіраваць мяне з дачкой і хлопца, які дрэнна хадзіў пасля аперацыі на назе.

Карціна, якую намалявала Лера пасля навін пра Бучу.

– У Роўным мы знайшлі машыну, якая давезла нас да бліжэйшай мяжы. На мяжы была вялізная чарга. Каб дабрацца да прапускнога пункта, мы больш за 15 км ішлі пешшу. Ад стомы ў Леры носам пайшла кроў. Я перажывала, што калі давядзецца выклікаць хуткую, то яна проста туды не прыедзе.

Каля прапускнога пункта быў вялізны натоўп замежнікаў і жанчын з дзецьмі. Каб неяк сагрэць дачку, я зняла сваю кофту і надзела на яе, а сама засталася ў куртцы і топе. Мы доўга чакалі, пакуль нас прапусцяць. Было вельмі холадна. Я не вытрымала, расшпіліла куртку перад памежнікам, паказала, у чым стаю я, паказала маё загорнутае ва ўсе што былі майкі і кофты дзіця. Толькі тады нас пашкадавалі і дазволілі ісці далей.

Украінскую мяжу мы прайшлі дастаткова лёгка, а вось польскія памежнікі доўга не хацелі нас пускаць: мне давялося праходзіць допыт.

Аксана расказвае, што першы час у Польшчы ёй было лягчэй, трымала ўстаноўка, што ім пашанцавала: дастаткова лёгка прайшлі мяжу, нядрэнна ўладкаваліся ў Польшчы.

– Я заўсёды параўноўвала сябе з кімсьці, не звяртала ўвагі на свае эмоцыі. Як я магу перажываць, калі Украіну бамбуюць? Толькі ўлетку я зразумела, што ў Польшчы мне вельмі цяжка.

– Я атрымала міжнародную абарону і цяпер працую манікюрным майстрам. Кожны дзень вяртаюся дадому толькі да 10-12 гадзін вечара, а дачка знаходзіцца дома адна. Заробленых грошай нам хапае толькі, каб заплаціць за жыллё і купіць ежу, а выходных у мяне практычна няма: сёння першы за два тыдні.

Аксана кажа, што не робіць планаў на будучыню. Раней хацела пайсці вучыцца, але зразумела, што не пацягне працу і вучобу.

– Цяпер я проста працую, каб мы маглі выжыць. Канешне, хачу вярнуцца ў Беларусь, але не веру, што гэта можа хутка адбыцца.

Фотарэпартаж: Таццяна Свірэпа

Back to top button