На Беларускай АЭС плануецца тэракт?

Украінская выведка паведаміла, што расійскія спэцслужбы плануюць шэраг тэрактаў у Беларусі, у тым ліку на Беларускай атамнай электрастанцыі. Іншых пацверджанняў гэтай інфармацыі пакуль няма.

Паводле інфармацыі Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны, у бліжэйшы час на тэрыторыі Беларусі плануецца шэраг штучна справакаваных тэхнагенных катастроф на аб’ектах крытычнай інфраструктуры. Найбольш верагодныя месцы тэрактаў – тэрыторыі паблізу межаў з Польшай, Літвой і Украінай. Адна з галоўных мэт – Беларуская атамная электрастанцыя ў Астраўцы.

Выведка паведамляе, што распрацоўкай і рэалізацыяй тэрактаў займаюцца расейскія спецслужбы, у той час як КДБ Беларусі проста пастаўлены ў вядомасць. Падраздзяленні Камітэта дзяржаўнай бяспекі, Міністэрства надзвычайных сітуацый і пагранічных войскаў Беларусі ўжо прывялі ў баявую гатоўнасць. Адказнымі за тэракты плануецца прызначыць грамадзян краін НАТА і Украіны, каб уцягнуць беларускае войска ў вайну ва Украіне на баку акупантаў і паўплываць на грамадскую думку ў беларускім грамадстве.

Беларуская атамная электрастанцыя ў Астраўцы, адкрытая ў 2020 годзе, пабудавана па расійскім праекце і на расійскія грошы. Паводле міжнародных экспертаў, будаўніцтва прайшло з грубымі парушэннямі тэхналагічных і экалагічных нормаў. Адразу пасля запуску ў працу на станцыі адбылося некалькі сур’ёзных аварый, якія суправаджаліся выбухамі абсталявання. Еўрапейскі парламент назваў Беларускую атамную электрастанцыю крыніцай пагрозы для Еўрасаюза і выказаў шкадаванне, што Беларусь пачала эксплуатацыю Беларускай АЭС пад Астраўцом, не выканаўшы ўсе рэкамендацыі па бяспецы.

Back to top button