Падчас рэйду па кватэрах супрацоўнікі КДБ застрэлілі жыхара Мінску

28 верасня сілавікі праводзілі спецыяльныя мерапрыемствы ў Мінску па адпрацоўцы адрасоў, «па якіх маглі знаходзіцца асобы, датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці». Як паведамляе КДБ, падчас затрымання адзін з падазраваных застрэліў супрацоўніка КДБ і ў адказ быў забіты сілавікамі.

Забіты мінчук Андрэй Зэльцэр быў супрацоўнікам буйной IT-кампаніі. Ён быў сябрам «Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў» і меў зарэгістраваную зброю.

Разам з Андрэем Зэльцэрам у кватэры знаходзілася яго жонка Марыя Успенская. Яе затрымалі па падазрэнні ў саўдзеле ў забойстве – яна здымала тое, што адбываецца, на тэлефон.

Дзяржаўны тэлеканал паказаў змантаванае відэа, знятае з розных ракурсаў – з пад’езда і з кватэры. Відэа выклікала шэраг пытанняў. З роліка незразумела, хто здымаў меркаванага стралка ў кватэры. Запіс змантаваны так, што момант траплення ў супрацоўніка КДБ не паказаны. Відаць толькі, як мужчына са стрэльбай страляе кудысьці ў калідор, а ў іншым змантаваным кавалку супрацоўнік у масцы страляе з пісталета туды, дзе, як мяркуецца, знаходзіцца стралок. У наступных кадрах супрацоўнікі выцягваюць свайго калегу, называючы яго «Дзімка» і «Нірвана», вакол яго сляды крыві. Выклікаюць пытанні і паводзіны жанчыны на відэа.

Забітага жыхара кватэры ў КДБ называюць «асабліва небяспечным злачынцам», хоць пры затрыманні сілавікі былі без бронекамізэлек і спецабсталявання.

Да перастрэлкі Зэльцэр двойчы тэлефанаваў у міліцыю і патрабаваў дапамогі органаў унутраных спраў, паведаміўшы, што невядомыя ламаюць дзверы ў яго кватэру. Паводле яго выкліку выехала група затрымання дэпартамента аховы, але трагедыя адбылася да яе прыбыцця.

Генпракуратура ўжо паспела правесці праверку па факце прымянення зброі супрацоўнікамі КДБ і прызнала іх дзеянні законнымі.

Намеснік кіраўніка МУС, камандуючы ўнутранымі войскамі Беларусі, Мікалай Карпянкоў заявіў, што забойства супрацоўніка КДБ – гэта адпраўная кропка, якая падзяліла ўсё на «да і пасля». Ён распавёў, як цяпер будуць працаваць сілавікі: «Ёсць тэрарыст, ёсць адрас, дзе ён знаходзіцца: пад’ехалі, папярэдзілі, не адчынілі дзверы? Дзверы выбухаюць. Будуць падарваныя дзверы, будуць ужытыя светлашумавыя гранаты, супрацоўнікі запусцяць туды сабаку, зойдзем туды са шчытом. І калі ў гэтай сітуацыі мы не ўбачым паднятых рук – вораг будзе знішчаны».

Сваякі і знаёмыя забітага Зэльцэра характарызуюць яго толькі са станоўчага боку, але гэта ўжо нясе небяспеку для іх і для выданняў, якія апублікавалі гэтую інфармацыю. Так, заблакаваны сайт газеты «Комсомольская правда в Беларуси»: там выйшаў артыкул, у якой знаёмыя Андрэя Зэльцэра станоўча пра яго адклікаліся.

Экс прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі на выбарах у 2020 годзе Валерый Цапкала зрабіў каментар з нагоды забойства Зэльцэра, за што ў дачыненні да яго была ўзбуджаная крымінальная справа – за заклікі да дзеянняў, што прычыняюць шкоду нацыянальнай бяспецы.

Back to top button