Марыя Калеснікава стала ганаровай прафесаркай Зальцбургскай кансерваторыі Моцартэум

Асуджаная на 11 гадоў калоніі флейтыстка і адна з лідэрак беларускай апазіцыі Марыя Калеснікава стала ганаровай прафесаркай Зальцбургскай кансерваторыі Моцартэум.

Калеснікава з’яўляецца адной з ключавых фігур беларускага пратэсту. Яна скончыла Музычную акадэмію па спецыяльнасці флейтыст і дырыжор. З 17 гадоў выкладала флейту ў мінскай гімназіі. Грала на флейце ў оперным тэатры, у аркестры Міхаіла Фінберга, у прэзідэнцкім аркестры. Вучылася ў Вышэйшай музычнай школе ў Штутгарце на факультэтах класічнай і сучаснай музыкі. Працавала ў Германіі, удзельнічала ў канцэртах, арганізоўвала міжнародныя культурныя праекты ў Германіі і Беларусі. У верасні 2020 года Марыя была схоплена сілавікамі, парвала пашпарт на мяжы і вярнулася на тэрыторыю Беларусі, дзе яе адразу ж затрымалі і пасля асудзілі на 11 гадоў турмы.

Паводле выдання “Наша Ніва”, цырымонія ўзнагароджання прайшла 30 кастрычніка у канцэртнай зале ўніверсітэта ў рамках праекта мастацкай узаемападтрымкі “Practicing Care”. Праект ставіць сваёй мэтай падтрымаць творцаў, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю. Ушанаванне Марыі Калеснікавай мае важны сімвалічны пасыл не толькі для беларускага, але і заходнееўрапейскага грамадства.

Такога роду тытул вельмі рэдка прысуджаецца ў аўстрыйскіх універсітэтах. «Гэта лепшы прыклад для таго, каб студэнты-музыкі натхняліся і пераасэнсоўвалі сваё становішча ў свеце», — кажа пра Марыю рэктар Зальцбургскай кансерваторыі (Моцартэум) Элізабэт Гуцьяр у рэпартажы Deutsche Welle.

Back to top button