Ветэран батальёна “Айдар” каментуе дзейнасць беларускіх партызан

Яўген Дзікі, украінскі навуковец, блогер, ветэран батальёна “Айдар” лічыць, што ва ўмовах жорсткіх палітычных рэпрэсій у Беларусі дзейнасць беларускіх партызан можна назваць гераічнай.

“Свабода” абмеркавала з Яўгенам Дзікім ролю дзейнасці беларускіх партызан падчас вайны ва Украіне. Яўген бачыць пазітыўныя вынікі намаганняў партызан, у прыватнасці дыверсіі на ваенным аэрадроме ў Мачулішчах.

“Расея страціла адзін з шасці мазгавых цэнтраў іх агрэсіі. Самалёт у Мачулішчах – гэта такі лятучы крэйсер “Масква”. Тут ідэальна ўсё — і рэальнае баявое значэнне, і эканамічная страта, і гучная палітычная аплявуха”.

Яўген Дзікі падкрэслівае важнае значэнне партызанскай дзейнасці і ўклад беларускіх партызан у падтрымку ўкраінскага боку. Украінскія разведчыкі не працуюць на тэрыторыі Беларусі, і таму беларускія партызаны аказваюць вялікую дапамогу ў перадачы важнай інфармацыі.

“Усе рэальныя фізічныя дзеянні супраць расейцаў у Беларусі — гэта беларускія партызаны, тым вышэй становіцца каштоўнасць іх дзеянняў. Яны робяць тое, што мы сабе не можам дазволіць. Гэта дае прамы ваенны эфект. Колькі было затрымана ваенных эшалонаў! А на вайне час — гэта жыццё. Своечасовая і несвоечасовая дастаўка тэхнікі і баявых харчоў вызначае вынік бою і пераможцу. Гэта вельмі сур’ёзны ўнёсак нашу перамогу”.

Яўген лічыць, што беларускі рух супраціву пазітыўна ўплывае на тое, як беларусаў успрымаюць ва Украіне.

“Зусім іншае стаўленне да беларусаў, калі мы дакладна падзяляем, што ёсць рэжым, а што ёсць народ, які ў 2020 годзе моцна і адназначна паказаў, што гэты рэжым не ягоны, што гэта нелегітымная, не абраная ім улада. Гераічнымі ўчынкамі беларускіх партызан беларускі народ і цяпер паказвае, што рэжым і народ — дзве абсалютна розныя гісторыі”.

Back to top button