Абсурд ці рэальнасць: за беларускую мову ў Беларусі могуць затрымаць

Праваабаронца і сузаснавальніца ініцыятывы „Умовы для мовы“ Аліна Нагорная разам з мужам Ігарам Случаком ужо год не можа вярнуцца ў свой дом і падарожнічае па Беларусі. У такіх складаных умовах яны правялі некалькі кампаній, у выніку якіх беларуская мова з’яўляецца на сайтах, на таварах у краме і на розных дакументах, нават дзяржаўных, а таксама выдалі дзве кнігі, адна з якіх – „Мова 404“, аўтарам якой зяўляецца Аліна, распавядае пра моўную дыскрымінацыю і што за беларускую мову ў Беларусі могуць затрымаць:

„У канцы 90-х хлопцы каталіся на скейтах каля Палаца Рэспублікі. Паміж сабой яны размаўлялі па-беларуску. Да іх падышлі міліцыянты, акружылі і сказалі, што зараз навучаць хлопцаў размаўляць на правільнай мове. Адзін з хлопцаў сказаў, што беларуская мова дзяржаўная, за што атрымаў дубцом па спіне. Пасля іх затрымалі.

У 2015 пасля канцэрту музыкі пайшлі ў бар на чыгуначным вакзале папіць піва. Каля іх стаяла пустая пляшка з-пад гарэлкі. Заўважыўшы гэтую пляшку, да іх падышоў патруль. Хлопцы адказалі, што гэта не іх пляшка, што яны тут нядаўна і прыйшлі выпіць піва. На што ім было сказана, што ўсе беларускамоўныя – адмарозкі. Хлопцы нешта адказвалі, іх скруцілі і завалаклі ў пастарунак. У пастарунку прапанавалі па-руску размаўляць, а беларускую мову „засунь себе в жопу“. У выніку аднаго з хлопцаў білі некалькі чалавек да сіне-чырвонага стану. Пасля далі штраф і вызвалілі, але хлопец не змог устаць, аказалася, што нага зламана. Гэтыя гісторыі здарыліся да 2020 года, а колькі іх было пасля…

Такія гісторыі здараюцца таму, што мы дазваляем моўнай дыскрымінацыі быць. Расейская мова ў Беларусі – вынік шматгадовага гвалту над нашай культурай. У нашай краіне трэба абараняць свае правы. Асабліва права на беларускую мову, бо гісторыя паказвае, што без яе не будзе свабоды. Чалавеку свая мова патрэбная, каб адчуваць сябе больш годна, каб адчуваць глебу пад нагамі, ганарыцца месцам, адкуль паходзіш. Беларуская мова неабходная, каб Беларусь была незалежнай краінай“.

Back to top button