Жонка палітвязня апублікавала яго казкі з турмы для дачкі

Сёння ў вядомага бізнэсмэна і палітвязня Аляксандра Васілевіча, які знаходзіцца ў СІЗА КДБ ужо другі год, дзень нараджэння. Яму споўнілася 47 гадоў. Аляксандра Васілевіча затрымлівалі двойчы ў 2020 годзе. Першы раз – калі ён прыйшоў у КДБ падаць хадайніцтва аб змене меры стрымання экс кандыдату ў прэзідэнты Віктару Бабарыку. Гэты паход для Васілевіча скончыўся судом нібыта за ўдзел у мітынгу і 14 соднямі арышту. Другі раз – 28 жніўня, калі яго затрымалі прадстаўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю. У кватэры, офісе і кампаніях, якімі кіраваў Васілевіч, прайшлі ператрусы. Аляксандр быў адным з палітвязняў, якія прысутнічалі на сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ.

У канцы жніўня 2021 года Васілевічу ў чарговы раз працягнулі тэрмін утрымання пад вартай. У чым яго абвінавачваюць, дагэтуль невядома. Аляксандра паставілі на ўлік як схільнага да экстрэмізму – такі статус прысвоены многім палітвязням у Беларусі.

Пакуль Аляксандр знаходзіўся пад вартай, 2 снежня 2020 года ў яго нарадзілася другая дачка – Уршуля.

На дзень нараджэння Аляксандра Васілевіча яго жонка Надзея Зелянкова выклала ў свабодны доступ файлы для друку кнігі казак «Тата і пінгвін». Гэтыя 9 казак Васілевіч пісаў у турме для сваёй старэйшай дачкі Адэлі. «Саша просіць прабачэння, што не пазітыўныя апошнія [казкі], – піша яго жонка. – Кажа, што адчувае недахоп зносін з людзьмі, у якіх справы ідуць добра».

Back to top button