Венскі механізм адносна Беларусі прымянілі 35 дзяржаў АБСЕ

Група з 35 краін-членаў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) вырашыла задзейнічаць Венскі механізм у сувязі з сур’ёзнымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі. Ліст на імя пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры АБСЕ з патрабаваннем растлумачыць адпаведныя занепакоеннасці заходніх краін распаўсюдзіў у чацвер 4 лістапада 2021 года ў Вене пастаянны прадстаўнік Вялікабрытаніі Ніл Буш.

У лісце гаворыцца, што краіны, якія яго падпісалі, па-ранейшаму заклапочаныя сур’ёзнымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі. Яны нагадваюць, што летась у адносінах да Беларусі быў задзейнічаны Маскоўскі механізм, у якім уладам было рэкамендавана адмяніць вынікі прэзідэнцкіх выбараў і арганізаваць новыя з запрашэннем міжнародных і мясцовых назіральнікаў, уключыць у склад камісій прадстаўнікоў грамадскіх сіл і прывесці выбарчае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі. У сферы правоў чалавека Беларусі таксама былі дадзеныя рэкамендацыі, якія датычацца права на асабістую свабоду і бяспеку, права на справядлівае судовае разбіральніцтва, свабоды сходаў і аб’яднанняў, выказвання меркавання і свабоды СМІ, адказнасці вінаватых і недапушчэння беспакаранасці. Але ўлады краіны іх не прынялі да ўвагі.

У рамках Венскага механізма краіны-ўдзельніцы патрабуюць ад Беларусі справаздачы па мерах, прынятых у сувязі з гэтымі праблемамі. У заяве выказваецца непакой наконт уціску свабоды прэсы і свабоды сходаў, адвольных арыштаў, пераследу апазіцыі, прымянення катаванняў і сітуацыі з мігрантамі на межах Беларусі. Яны чакаюць атрымаць адказы ў пісьмовай форме на працягу 10 дзён у адпаведнасці з працэдурай.

Back to top button